Браслаў адзначыць 950-годдзе
Горад жыве ў чаканні дня нараджэння, які ўрачыста і шырока адзначыць 6-7 чэрвеня.
Юбілею будуць прысвечаны чарговыя "Браслаўскія зарніцы". Гэта свята традыцыйнай культуры, якое пройдзе ў 48-ы раз, але ўпершыню стане міжнародным. На ўрачыстасці прыедуць афіцыйныя дэлегацыі, вакальныя і танцавальныя калектывы з Беларусі, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Азербайджана, Індыі, Расіі, Польшчы.
Старт свята будзе дадзены ў суботу, 6 чэрвеня, на плошчы каля касцёла Святой Дзевы Марыі.
Затым эстафету прыме "Браслаўская харавая асамблея" – абласны агляд-конкурс, які пройдзе ў чацвёрты раз. Свае майстэрства пакажуць больш за 20 харавых калектываў Віцебшчыны. Асамблея, прымеркаваная да 950-годдзя горада, знамянальная тым, што ў зводным хоры выступіць небывалая колькасць удзельнікаў – 800 спевакоў! Пра гэта расказала Алена Котава, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
Упершыню ў рамках харавой асамблеі пройдзе турнір беларускіх бытавых танцаў.
Потым эпіцэнтр свята перамесціцца на гарадзішча. Там будзе разбіты сапраўдны сярэднявечны горад. На фестываль "Мяч Брачыслава" абяцаюць прыехаць каля дзесяці рыцарскіх клубаў з Беларусі і Прыбалтыкі. На Замкавай гары пройдуць камандныя баі, выступленні музычных гуртоў, здабыча агню старажытным спосабам, акрабатычнае шоў, шэсце на хадулях, узнагароджанне ўдзельнікаў, шэсце з паходнямі, салют. Пераможца бітваў атрымае меч Брачыслава.
А 7 чэрвеня асноўныя святочныя мерапрыемствы з гала-канцэртам, прэзентацыяй падворкаў і народнымі гуляннямі пройдуць у лясным парку Ляснічоўка.
Вера Гнілазуб, СБ Беларусь сегодня