Браслаўская гімназія будзе навучаць гаспадароў і супрацоўнікаў аграсядзіб

Браславская гимназия будет обучать хозяев и сотрудников агроусадеб

Браслаўская гімназія мае намер навучаць гаспадароў аграсядзіб. Новы адукацыйны праект для дарослых стартуе ва ўстанове адукацыі ўжо гэтай вясной, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік дырэктара Браслаўскай гімназіі Людміла Хілько.

"Плануем запусціць пілотную праграму для гаспадароў і супрацоўнікаў аграсядзіб. Галоўная мэта - дапамагчы павысіць якасць турыстычных паслуг і стварыць прываблівы імідж гэтых аб'ектаў, - сказала Людміла Хілько. - Спектр аказання адукацыйных паслуг вельмі шырокі: ад эфектыўнага вядзення гаспадаркі да навыкаў прыёму гасцей з выкарыстаннем традыцый беларускага Паазер'я".

Гаспадары сядзіб зацікаўлены ў атрыманні адукацыйных паслуг. Сярод самых запатрабаваных дысцыплін - англійская мова і арганізацыя рэкламнай дзейнасці. "Адукацыйныя праграмы будуць фарміравацца з улікам запытаў гаспадароў сядзіб, а іх у нас у раёне ўжо больш за 190. Спачатку правядзём даследаванне патрэб, згрупуем іх па тэмах, а затым прапрацуем спецыяльныя адукацыйныя методыкі і праграмы", - растлумачыла Людміла Хілько.

Новы напрамак дзейнасці Браслаўскай гімназіі з'яўляецца часткай праекта па арганізацыі цэнтра дадатковай адукацыі дарослых "Поспех", аўтарамі якога з'яўляюцца намеснік дырэктара Браслаўскай гімназіі Ала Ганчарова, настаўнік англійскай мовы гэтай жа ўстановы адукацыі Вольга Лукша і намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Антаніна Аболевіч.

Людміла Хілько адзначыла, што адукацыйныя паслугі для дарослых Браслаўская гімназія прадастаўляе ўжо некалькі гадоў. На базе ўстановы адукацыі дзейнічаюць гурткі па вывучэнні англійскай мовы і сучасных інфармацыйных тэхналогій, якія карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў жыхароў райцэнтра.

Суразмоўніца падкрэсліла, што пры рэалізацыі новага адукацыйнага праекта па навучанні дарослых Браслаўская гімназія будзе працаваць у цесным супрацоўніцтве з нацыянальным паркам "Браслаўскія азёры", Браслаўскім музейным аб'яднаннем і еўрарэгіёнам "Азёрны край".

Алена Ціханава