Браслаўскія азёры і заказнік «Ельня» ўвайшлі ў топ славутасцяў першага турыстычнага партала Беларусі

Нейкі час таму Нацыянальнае агенцтва па турызме запусціла першы афіцыйны турыстычны партал Беларусі belarus.travel – новы інфармацыйны інтэрнэт-прадукт, прызначаны дапамагчы спланаваць паездку ў нашу рэспубліку, расказаць пра папулярныя славутасці і малавядомыя, але цікавыя мясціны Беларусі, каб пра краіну больш даведаліся не толькі замежнікі, але і самі беларусы.


Варта адзначыць, што Віцебшчына на новым турыстычным партале, насычаным маляўнічымі фотаздымкамі і кранальнымі заклікамі патрыятычнага характару тыпу «Натхняйцеся Беларуссю», «Краіна прыемнага здзіўлення, нечаканых адкрыццяў і цёплых успамінаў», прадстаўлена годна. Напрыклад, з васьмі прыродных славутасцяў Беларусі чатыры знаходзяцца ў нашай вобласці. Так, аматарам падарожнічаць рэкамендуюць наведаць Бярэзінскі біясферны запаведнік, куды штогод прыязджаюць тысячы турыстаў, каб убачыць, як квітнее венерин чаравічак, пераліваюцца балотныя лугі, а таксама пачуць, як мясцовыя жабы квакаюць у найчысцейшы ўнісон.

У топ славутасцяў таксама трапілі адно з самых буйных верхавых балот у Еўропе – Ельня, Браслаўскія азёры, якія ўключаюць 74 маляўнічыя вадаёмы, і прыродны комплекс «Блакітныя азёры», які мае статус ключавой батанічнай тэрыторыі Беларусі.

А ў раздзеле «Унікальныя экскурсіі», дзе прэзентуюць пакуль толькі чатыры экскурсіі, дзве прапануе Віцебшчына. Гэта «Бабровая сафары» ад Нацыянальнага парку «Браслаўскія азёры», якое можа стаць як сапраўднай пагоняй у пошуках рачных будаўнікоў, так і нетаропкім сплавам-назіраннем на каноэ. І прагулкі па балоце ў заказніку «Ельня». «Надзеньце балотаступы, і вам балота па калена», – гаворыцца на турпартале.

– У Беларусі шмат патэнцыялу, але, на жаль, часцяком самі мясцовыя жыхары яго не бачаць, – растлумачылі ў Нацагентстве ідэю стварэння турпартала. – Наша асноўная задача – матываваць людзей пачаць ездзіць. У Беларусі велізарная колькасць цікавага, проста яго трэба дапамагчы заўважыць.

Алена Сыс, «Віцебскія весці». Фота з

адкрытых крыніц.