Браслаўскі райвыканкам ініцыюе перагляд рэгламенту асаблівага рэжыму палявання на дзіка
9 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Браслаўскі райвыканкам ініцыюе перагляд рэгламенту ўвядзення асаблівага рэжыму палявання на дзіка.
Цяперашнім палажэннем аб асаблівым рэжыме выкарыстання рэсурсаў дзіка, які наносіць шкоду ў выніку знішчэння або пашкоджання сельскагаспадарчых культур, прадугледжана павелічэнне ліміту адстрэлу гэтай жывёлы ў тым выпадку, калі ёю пашкоджана 25% агульнай плошчы пасеваў. Аднак гэты парог не ўключае працэнт пашкоджанняў на прысядзібных участках грамадзян – жыхароў адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, растлумачыў Мікалай Бараноўскі.
Паводле дадзеных сацапытання, праведзенага ў вёсках раёна, 70% рэспандэнтаў заявілі, што асноўнай праблемай з'яўляюцца патравы прысядзібных участкаў дзікамі. У 2008 годзе ў раённую камісію паступілі 132 заявы аб патравах на прыватных угоддзях. У тым жа годзе дзікі пашкодзілі пасевы на 7,6 тыс.га грамадскіх сельскагаспадарчых угоддзяў, або 20,4% ад агульных пасеваў. Знішчэнне толькі пасеваў збожжавых у сельгаспрадпрыемствах ацэньвалася ў Br1,1 млрд.
Па словах Мікалая Бараноўскага, агароджванне ўчасткаў, устаноўка электраагароджаў, адпужванне з дапамогай шумавых установак не прыносяць належнага эфекту. Дзікі не баяцца людзей і сельгастэхнікі, групы жывёл адкрыта перамяшчаюцца па населеных пунктах і ўжо наносяць шкоду непасрэдна ў вёсках. Толькі з пачатку бягучага года ў камісію паступілі 30 заяваў ад грамадзян аб пашкоджанні дзікамі азімых і шматгадовых траў. З паспяваннем бульбы і любімай дзікамі кукурузы колькасць заяваў шматкроць узрасце.
Пагалоўе дзіка на тэрыторыі нацыянальнага парку "Браслаўскія азёры", па падліках яго спецыялістаў, склала 880 галоў. На думку раённых улад, нягледзячы на аптымальную колькасць дзіка пасля зімовага ўліку, шкода, якая наносіцца жывёламі, з'яўляецца вельмі вялікай. У сувязі з гэтым раённыя ўлады звярнуліся ў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і Міністэрства лясной гаспадаркі з прапановай паменшыць парог шкоднасці дзіка з 25% агульнай плошчы пасеваў сельгас культур да 15% пры аб'яўленні асаблівага рэжыму палявання на тэрыторыі адміністрацыйна-гаспадарчай адзінкі. Райвыканкам прапануе таксама планаваць максімальную здабычу дзіка ў межах ліміту ў летні перыяд, што зробіць яго адпужванне ад пасеваў паблізу населеных пунктаў больш эфектыўным.
Умовы асаблівага рэжыму дазваляюць праводзіць паляванне на дзіка на адлегласці не бліжэй 10 м ад крайніх будынкаў населеных пунктаў, паляваць на дзіка з засады і з падыходу, здабываць дзіка любой стаці і ўзросту, акрамя свінаматак – важакоў статка. У месцах, дзе аб'яўлены асаблівы рэжым, карыстальнікі паляўнічых угоддзяў абавязаны арганізаваць адлоў дзіка жывадзёрамі, рэалізоўваць разавыя дазволы на яго здабычу па больш нізкіх цэнах. У сельскагаспадарчых угоддзях абсталююцца спецыяльныя месцы для здабычы дзіка з засады.
Як паведаміў начальнік аддзела дзяржкантролю за аховай і выкарыстаннем земляў, лясоў, жывёльнага і расліннага свету Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Алег Міхневіч, шкоду сельскагаспадарчым угоддзям дзікі наносяць не толькі ў Браславе. Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы і насельніцтва ў Мёрскім і Пастаўскім раёнах таксама нясуць страты ад патраваў пасеваў дзікамі. Прычынай гэтага, на думку спецыяліста, з'яўляецца ўзросшая колькасць гэтай жывёлы.
Згодна з правіламі палявання, летне-асенняе паляванне на дзіка ў Беларусі дазволена з 15 мая па 30 верасня з 18.00 да 9.00. Дазволены ружэйны від палявання з засады, з падыходу на дарослых самцоў старэйшыя за 2 гады, а таксама на маладняк да двух гадоў любой стаці.-0-