Браслаўскі раён прадставіў на інвестфоруме ў Віцебску шэсць праектаў на $10 млн.
15 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Браслаўскі раён прадставіў на восеньскім інвестыцыйным форуме ў Віцебску шэсць праектаў на агульную суму $10 млн., паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні Браслаўскага райвыканкама Валянціна Высоцкая.
На трэці форум раён прывёз інвестпраекты, звязаныя з развіццём сваёй інфраструктуры. Так, у Браславе плануецца пабудаваць дзіцячае кафэ ў цэнтры горада і дзіцячы аквапарк пад адкрытым небам. Апошні аб'ект будзе размешчаны ў маляўнічым месцы на беразе самага вялікага ў раёне возера Дрывяты (пятае па велічыні ў Беларусі). Функцыянаваць ён будзе ў летні перыяд.
Самую пільную ўвагу ў раёне надаюць развіццю прыдарожнага сэрвісу. Таму адзін з праектаў звязаны са стварэннем на ажыўленай трасе комплексу, які аказвае паслугі ў гэтай сферы. Ён будзе ўключаць аўтамыйку, АЗС, станцыю тэхнічнага абслугоўвання і магазін аўтазапчастак. Яшчэ адна прапанова звязана з адкрыццём гандлёва-забаўляльнага цэнтра з развітой сістэмай паслуг на аснове базы адпачынку "Відзы". Яго рэалізацыя дазволіць прыцягнуць на Браслаўшчыну большую колькасць турыстаў нават у міжсезонне, упэўнена суразмоўніца.
У 2010 годзе плануецца рэканструяваць гасцініцу, размешчаную ў Браславе. Аб'ект знаходзіцца ў раённай камунальнай уласнасці. Уласных сродкаў на правядзенне будаўнічых работ у бюджэце раёна не хапае. Для захавання свайго асноўнага прызначэння гасцініца будзе выстаўлена на аўкцыён, расказала Валянціна Высоцкая.-0-