Брэндаваная карта госця распрацоўваецца для "Славянскага базару"

УП "Мінгарпраўка" працуе над стварэннем брэндаванай карты госця "Славянскага базару ў Віцебску". Пра гэта паведаміў дырэктар прадпрыемства Барыс Васільеў на пасяджэнні рабочай групы па добраўпарадкаванні і ўтрыманні тэрыторый Мінска.

"Мы выпускаем пяць фарматаў карт, чатыры з якіх дзейнічаюць на аб'ектах Мінска і вобласці, адна - па ўсёй рэспубліцы. Але кожны фармат мае яшчэ свае варыяцыі часу дзеяння і скідак, - расказаў Барыс Васільеў. - Цяпер працуем з дырэкцыяй "Славянскага базару ў Віцебску", каб выпусціць брэндаваную карту госця форуму. Яна будзе рэалізоўвацца разам з білетамі. А таксама на рэсурсе "У Гродне - без візы" ўжо ёсць інфармацыя па карце госця, якая прапануецца людзям, якія наведваюць гэту зону".

Дарэчы, летам мінулага года ў Віцебску каля гарадской ратушы адкрылася прадстаўніцтва цэнтра "Карты госця" (сёння яны ёсць у кожным абласным цэнтры). Тут турысты і жыхары Беларусі могуць набыць карту госця. Яе ўладальнікі атрымаюць розныя бонусы і скідкі пры наведванні музеяў і галерэй у Віцебску і райцэнтрах вобласці, пражыванні ў аграсядзібах.

У цэлым жа, па словах Барыса Васільева, колькасць турыстычных аб'ектаў па ўсёй краіне, уключаных у праект, перавышае 1 тыс., у тым ліку 200 музеяў.

Турыстычны праект "Карта госця. Гарады і рэгіёны Беларусі" рэалізуецца "Мінгарпраўкай" пры падтрымцы Міністэрства спорту і турызму, Міністэрства культуры, Мінгарвыканкама і аблвыканкамаў, інфармацыйна-турыстычнага цэнтра "Мінск" па дзяржаўнай праграме развіцця турызму "Беларусь гасцінная" на 2016-2020 гады. У ім удзельнічаюць музеі, галерэі, заапаркі, аквапаркі, гатэлі, рэстараны, аграсядзібы, кафэ, гандлёвыя аб'екты, пункты пракату аўтамабіляў і ровараў, якія прадастаўляюць бонусы і скідкі.

БЕЛТА.