Брыфінг па выніках удзелу дэлегацыі Віцебшчыны ў Форуме рэгіёнаў-пабрацімаў кітайскай правінцыі Шаньдун
Плануецца, што ўдзельнікамі дадзенага праекта стануць кітайская кампанія сельскагаспадарчай накіраванасці, зацікаўленая ў пастаўках тарфяной прадукцыі ў буйных аб'ёмах, і УП "Віцебскаблгаз", у склад якога ўваходзіць філіял па здабычы і перапрацоўцы тарфу ў Докшыцкім раёне. "Узаемная зацікаўленасць у гэтым праекце ёсць. У бліжэйшы час мы маем намер дэталёва прапрацаваць пытанні лагістыкі паставак прадукцыі, яе аб'ёмы, кошт і іншыя ключавыя моманты", - канстатавала Анжаліка Нікіціна.
Старшыня камітэта эканомікі таксама адзначыла, што сур'ёзная цікавасць падчас форуму была праяўлена да мяса-малочнай прадукцыі, якая выпускаецца ў Віцебскай вобласці. "У складзе дэлегацыі быў кіраўнік Глыбоцкага мясакамбіната. І зараз прапрацоўваецца пытанне аб сертыфікацыі дадзенага прадпрыемства з мэтай рэалізацыі прадукцыі на кітайскі рынак. Лічу, што тут у нас ёсць таксама добрыя перспектывы далейшага развіцця", - дадала Анжаліка Нікіціна.
Форум рэгіёнаў-пабрацімаў кітайскай правінцыі Шаньдун праходзіў 15-17 кастрычніка ў горадзе Цзінань. Дэлегацыю Віцебскай вобласці на чале са старшынёй аблвыканкама Мікалаем Шарснёвым прадстаўлялі кіраўнікі камітэта эканомікі аблвыканкама, гарадоў вобласці, адміністрацыі свабоднай эканамічнай зоны "Віцебск", канцэрна "Мяса-малочныя прадукты", перапрацоўчых і прамысловых прадпрыемстваў, дрэваапрацоўчых вытворчасцей. На палях форуму кіраўніцтвам Віцебскага аблвыканкама і Народнага ўрада правінцыі Шаньдун было падпісана пагадненне аб дружбе і ўсебаковым супрацоўніцтве, прынята рашэнне аб падрыхтоўцы і рэалізацыі дарожнай карты супрацоўніцтва, а таксама вызначаны найбольш перспектыўныя для гэтага сферы.
Дзелавыя кантакты з правінцыяй Шаньдун, якая ўваходзіць у тройку вядучых рэгіёнаў Кітая, у Віцебскай вобласці развіваюцца з моманту падпісання першага мемарандума аб супрацоўніцтве ў 2006 годзе. Узаемадзейнічаюць паміж сабой гарады Віцебск і Цзінань, Наваполацк і Вэйхай, Орша і Цындаа.
За студзень - жнівень таваразварот Віцебскай вобласці з правінцыямі Кітая склаў $69,6 млн, экспарт - $13,5 млн, што ў 2,1 раза перавышае паказчык за аналагічны перыяд 2018 года.