Бронетранспарцёр з'явіўся ў віцебскім парку ваенна-патрыятычнага выхавання

2 ліпеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Першы экспанат - БТР-60ПБ - з'явіўся сёння ў віцебскім гарадскім парку ваенна-патрыятычнага выхавання. Баявая машына ўзору 1959 года, перададзеная Віцебску Міністэрствам абароны, прыбыла з воінскай часці, якая дыслацыруецца ў Мінскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў абласным музеі Героя Савецкага Саюза Міная Шмырова. Усяго ў парку плануецца ўсталяваць восем адзінак тэхнікі. Гэта прадугледжана праектам рэканструкцыі парку, у выніку якой экспазіцыя музея і парк ваенна-патрыятычнага выхавання будуць уяўляць адзіны мемарыяльны комплекс, прысвечаны партызанскаму руху. Частку ваеннай тэхнікі гораду перадасць на захоўванне Міністэрства абароны. Акрамя БТРа, на спецыяльна абсталяваных пляцоўках у паркавай зоне музея Шмырова будуць устаноўлены тры дывізіённыя гарматы "ЗІС-3" калібра 76 мм (узору 1942 года), процітанкавая дывізіённая гармата Д-44 калібра 80 мм (узору 1945 года). Свой уклад у фарміраванне будучай экспазіцыі пад адкрытым небам зробіць і Віцебскі аэраклуб імя А. Гараўца ДТСААФ, прадаставіўшы шматмэтавы верталёт Мі-2 1961 года выпуску. Яшчэ частка экспанатаў - 100-мм гармата "МТ-12" і мінамёт калібра 120 мм - ужо захоўваюцца на пляцоўцы каля музея Шмырова. Праект рэканструкцыі парку прадугледжвае таксама арганізацыю спартыўных пляцовак. Беларуская федэрацыя футбола перадала гораду сучаснае штучнае пакрыццё для футбольнага поля, таксама ў парку з'явіцца баскетбольная пляцоўка. Вядуцца работы па развіцці сэрвіснай інфраструктуры паркавага комплексу, каб зрабіць адзін з цэнтральных паркаў горада любімым месцам сямейнага адпачынку. Часткова абноўлены парк і музейны комплекс змогуць наведаць жыхары Віцебска і госці горада ўжо ў дні святкавання 65-годдзя вызвалення Беларусі.-0-