Бронзавы школьнік у Полацку ўпершыню адзначыць Міжнародны дзень студэнтаў

16 лістапада, Віцебск /Дыяна Курыла - БЕЛТА/. Бронзавы школяр упершыню разам са студэнтамі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта адзначыць Міжнародны дзень студэнтаў. Адкрыццё помніка пройдзе 17 кастрычніка ля сцен былога кадэцкага корпуса, дзе цяпер размяшчаецца факультэт інфармацыйных тэхналогій універсітэта, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА прарэктар па выхаваўчай рабоце і сацыяльных пытаннях ПДУ Вікенцій Цыганкоў. Скульптура сярэднявечнага студэнта - гэта даніна памяці першай на тэрыторыі Беларусі вышэйшай навучальнай установе, якой з'яўляўся заснаваны ў 1581 годзе Стэфанам Баторыем Полацкі калегіум езуітаў. Рост новаспечанага студэнта - 1,8 м, вага - 400 кг. На думку Вікенція Цыганкова, сярэднявечны схолар стане добрым талісманам для полацкіх студэнтаў і народзіць нямала забабонаў падчас сесій. Варта адзначыць, што аўтары ідэі - рэктарат універсітэта - вырашылі ўвекавечыць у метале не толькі школяра, але і сучаснага студэнта. У адрозненне ад сярэднявечнай Еўропы, калі навучацца ва ўніверсітэтах маглі толькі мужчыны, цяпер у ВНУ ўсё больш дзяўчат, таму вобраз сучаснага студэнцтва павінна ўвасобіць скульптура дзяўчыны. Устаноўлена яна будзе ля аднаго з новых корпусаў ПДУ - у Наваполацку. Полацкі ўніверсітэт, мабыць, адзіная навучальная ўстанова Беларусі, факультэты якой знаходзяцца ў двух гарадах. У Полацку - першай афіцыйна абвешчанай культурнай сталіцы Беларусі - з пашанай і трапятаннем ставяцца да гісторыі і культуры краіны. Каля двух дзясяткаў скульптур і помнікаў нагадваюць аб слаўным мінулым. Сярод іх ёсць манументы легендарным асобам - Ефрасінні Полацкай, Францыску Скарыну, князю Усяславу Брачыславічу па мянушцы Чарадзей, а ёсць і незвычайныя, накшталт скульптуры хітраватага купца або кампазіцыі ў гонар беларускай літары "ў нескладовае". Полацкі школяр зойме годнае месца ў шэрагу гэтых славутасцяў.-0-