Нявыкарыстоўваныя аўтамабілі неўзабаве знікнуць з вуліц Віцебска
15 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Кінутыя аўтамабілі ў найбліжэйшы час знікнуць з вуліц Віцебска, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела экалагічнага нагляду УДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама Юрый Дземідовіч.
Праблема кінутага аўтатранспарту асабліва востра ўстала ў абласным цэнтры ў апошнія гады з павелічэннем колькасці асабістага транспарту гараджан і абумоўленай у сувязі з гэтым недахопам месцаў на дваравых аўтастаянках і паркоўках. Адным з рашэнняў пытання стала ліквідацыя кінутых машын, знешні выгляд якіх красамоўна падкрэслівае іх статус: спушчаныя, урослыя ў зямлю шыны, іржавы корпус, разбітыя шкла, адсутнасць нумарных знакаў.
Усяго падчас аб'езду супрацоўнікамі ДАІ гарадскіх вуліц і дваравых тэрыторый, а таксама па званках жыхароў было выяўлена каля 300 такіх аўтамабіляў. Іх уладальнікам накіраваны прадпісанні. Больш за палову аўтааматараў ужо адрэагавалі: хтосьці перавёз машыну ў гараж, некаторыя здалі на металалом. Аўтамабілі, чыіх гаспадароў устанавіць пакуль не ўдалося, перавозяцца на спецыяльную бясплатную стаянку па вуліцы Даватара.
Рашэннем праблемы кінутых аўтамабіляў упраўленне ДАІ займаецца сумесна з аддзелам ЖКГ Віцебскага гарвыканкама. "Не выключана, што ў найбліжэйшы час гэтым пытаннем зоймуцца больш актыўна і ў іншых гарадах і райцэнтрах вобласці", - адзначыў Юрый Дземідовіч.-0-