БРСМ Віцебскай вобласці падорыць нованароджаным абярэгі з арнаментам
Свята "Дзень вышыванкі" пройдзе у Беларусі 2 ліпеня. У Віцебскай вобласці запланавана прымеркаваная да свята акцыя, паведаміў першы сакратар абласнога камітэта БРСМ Віктар Глушын.
У прыватнасці, 30 чэрвеня актывісты Першамайскай раённай арганізацыі БРСМ Віцебска будуць сустракаць на выхадзе з гарадскога клінічнага радзільнага дома №2 маладых мам з беларускімі песнямі, вершамі. У гонар папаўнення ў сям'і ім падораць сувеніры з элементамі беларускага арнаменту, зробленыя рукамі маладых умельцаў раёна.
Непасрэдна 2 ліпеня эстафету падхопяць у Наваполацку і Паставах, дзе ў акцыі таксама возьмуць удзел мясцовае кіраўніцтва, грамадскія арганізацыі і творчыя моладзевыя калектывы. У Глыбокім малышоў будуць урачыста сустракаць падарункамі з беларускай сімволікай ужо 5 і 6 ліпеня. "З спрадвеку беларусы вышывалі характэрным арнаментам адзенне, ператвараючы яго ў своеасаблівы абярэг, які з часам стаў сімвалам нацыі. Мы хочам, каб такі сімвал з самага нараджэння засцерагаў кожнага маленькага беларуса. У нашых падарунках-сувенірах да Дня Незалежнасці змяшчаецца менавіта такі пасыл", - растлумачыў Віктар Глушын. Як паведамлялася БЕЛТА, у Беларусі закладваецца новая традыцыя - правядзенне напярэдадні Дня Незалежнасці моладзевага свята "Дзень вышыванкі". Асноўныя яго мерапрыемствы пройдуць 2 ліпеня з 12.00 да 23.00 на пляцоўцы каля Палаца спорту ў Мінску.
Кацярына Князева - БЕЛТА.