Будучыя будаўнікі з Віцебска пачнуць стажыравацца ў Польшчы

Будущие строители из Витебска начнут стажироваться в Польше

Навучэнцы Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-будаўнічага каледжа з 2016 года пачнуць стажыравацца ў Польшчы, паведаміў дырэктар установы адукацыі Аляксандр Ласякін.

Падчас міжнароднага форуму "Інавацыйнае прадпрымальніцтва Віцебскай вобласці "Ад малога да вялікага", які прайшоў у Віцебску, было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж кіраўніцтвам віцебскага каледжа і Комплексам сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў горада Лодзь (Польшча).

"Мы будзем абменьвацца вопытам, каб павышаць якасць прафесійнай адукацыі, умацоўваць усебаковыя сувязі паміж навучальнымі ўстановамі. Польскі бок, які выступіў ініцыятарам пагаднення, запрасіў нас да сябе. Таму ў сакавіку наступнага года вялікая група навучэнцаў (25-30 чалавек) паедзе ў Лодзь, дзе хлопцы прымуць удзел у майстар-класах і конкурсе прафмайстэрства", - растлумачыў Аляксандр Ласякін. Пасля паездкі ў Польшчу прадугледжваецца адказны візіт у Віцебск. Дырэктар каледжа ўпэўнены, што палякам таксама ёсць чаму павучыцца ў беларускіх калег. Але важна і тое, што гэтыя абмены будуць суправаджацца культурна-масавымі мерапрыемствамі, выступленнямі мастацкіх і спартыўных калектываў. Усё гэта будзе спрыяць інтэграцыі абодвух бакоў у сусветную адукацыйную прастору.

"У летні перыяд прадугледжваюцца больш працяглыя стажыроўкі нашых хлопцаў у Польшчы, а іх - у нас. Магчыма, з пражываннем у сем'ях. Пагадненнем прадугледжаны і абмен вучэбна-метадычнымі матэрыяламі, тыпавымі праграмамі па дысцыплінах, а таксама акадэмічны абмен спецыялістамі для ажыццяўлення выкладчыцкай дзейнасці, удзел хлопцаў і майстроў вытворчага навучання ў канферэнцыях і семінарах, рэалізацыя сумесных праектаў, навуковых даследаванняў і іншыя мерапрыемствы", - дадаў Аляксандр Ласякін.

Кацярына Князева, БЕЛТА.