Папяровая фабрыка "Чырвоная зорка" інвестуе ў мадэрнізацыю каля 7 млн. еўра

9 красавіка, Мінск /Таццяна Чумакова - БЕЛТА/. ААТ "Папяровая фабрыка "Чырвоная зорка" (г.Чашнікі, Віцебская вобласць) інвестуе ў мадэрнізацыю папераробчай машыны каля 7 млн. еўра. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў намеснік старшыні канцэрна "Беллесбумпрам" Дзмітрый Лізура. Мадэрнізаваную машыну ўвядуць у строй у пачатку 2011 года. Ужо праведзены тэндар на пастаўку камплектуючых, яго выйграла адна з чэшскіх фірмаў. Дзякуючы мадэрнізацыі магутнасць абсталявання ўзрасце амаль у 3 разы і складзе 80 т паперы ў суткі. У выніку вытворчасць павялічыцца прыкладна ўдвая, палепшыцца якасць. Прадпрыемства цалкам забяспечыць сваю патрэбу, частка прадукцыі будзе адпраўляцца на папяровую фабрыку "Спартак", расказаў намеснік старшыні. Мадэрнізацыя машыны дасць тэхнічную магчымасць вырабляць і новыя віды паперы. Большая частка прадукцыі будзе рэалізоўвацца на ўнутраным рынку. "Гэта звязана з тым, што прадаваць за мяжу лепш тавары з больш высокім дабаўленым коштам, напрыклад папяровыя мяшкі", - адзначыў Дзмітрый Лізура. ААТ "Папяровая фабрыка "Чырвоная зорка" спецыялізуецца на вытворчасці паперы, кардону і гафрокардону, упаковачнай тары, воднадысперсійных фарбаў для знешніх і ўнутраных работ. Фабрыка была ператворана ў ААТ у 1996 годзе. Уваходзіць у склад канцэрна "Беллесбумпрам". Мае сертыфікат адпаведнасці СТБ ІСА 9001-2001.