Папяровая фабрыка "Чырвоная зорка" ў I паўгоддзі павялічыла экспарт амаль удвая
6 ліпеня, Мінск /Таццяна Чумакова - БЕЛТА/. ААТ "Папяровая фабрыка "Чырвоная зорка" (г. Чашнікі, Віцебская вобласць) павялічыла экспарт прадукцыі ў студзені-чэрвені бягучага года ў параўнанні з аналагічным перыядам 2009-га амаль у 2 разы да $1,3 млн. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла намеснік дырэктара прадпрыемства па камерцыйных пытаннях Марыя Карпушонак.
Паводле яе слоў, рост адгрузак за мяжу звязаны з з'яўленнем першага дылера прадпрыемства ў Смаленску, а таксама з аслабленнем уплыву сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу. На экспарт адпраўляецца больш за 20% рэалізуемай прадукцыі ААТ. Тавары папяровай фабрыкі пастаўляюцца ў Расію, Літву і Польшчу.
У бягучым годзе фабрыка "Чырвоная зорка" мае намер набыць паветраны вінтовы кампрэсар коштам каля Br150 млн. і ўвесці яго ў строй у чацвёртым квартале. Гэта дазволіць знізіць спажыванне электраэнергіі прыкладна на 10%. У 2011 годзе прадпрыемства інвесціруе ў мадэрнізацыю папераробчай машыны каля 7 млн. еўра. Дзякуючы гэтаму магутнасць машыны ўзрасце амаль у 3 разы і складзе 80 т паперы ў суткі. У выніку вытворчасць паперы павялічыцца прыкладна ўдвая, палепшыцца яе якасць.
Прадпрыемства ў I паўгоддзі павялічыла выпуск прадукцыі ў параўнанні з аналагічным мінулагоднім перыядам на 9% больш чым да Br12 млрд. Запасы гатовай прадукцыі ААТ на 1 ліпеня склалі 28,8% да сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці. Найбольш актыўна прадукцыя прадпрыемства рэалізуецца ў Віцебскай, Мінскай абласцях і Мінску.
ААТ "Папяровая фабрыка "Чырвоная зорка" спецыялізуецца на вытворчасці паперы, кардону і гафракардону, пакавальнай тары, воднадысперсійных фарбаў для знешніх і ўнутраных работ. Фабрыка была ператворана ў ААТ у 1996 годзе. Уваходзіць у склад канцэрна "Беллесбумпрам". Мае сертыфікат адпаведнасці СТБ ІSО 9001-2001.-0-