«Бурановскія бабулі» гатовыя праспяваць на «Славянскім базары» усё, што іх папросяць

12 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыла – БЕЛТА/. "Буранаўскія бабулі" гатовыя праспяваць на "Славянскім базары" усё, што іх папросяць. Так сказалі паважаныя артысткі, ледзь ступіўшы на перон віцебскага вакзала. Разам з іншымі знакамітымі гасцямі сёння раннім ранкам яны прыехалі на фестываль, каб узяць удзел у канцэрце ўрачыстага адкрыцця, перадае карэспандэнт БЕЛТА, якая іх сустракала. "Буранаўскія бабулі" ўпершыню ў Беларусі. Але як прызналася карэспандэнту БЕЛТА адна з удзельніц калектыву Граня Байсарава: "Мы ўжо паспелі адчуць любоў беларусаў – нас так цёпла тут сустракаюць". І сапраўды, ледзь удзельніцы ступілі на перон віцебскага вакзала, як тут жа апынуліся ў цэнтры ўвагі ўсіх, хто ў гэтыя хвіліны знаходзіўся на вакзале, бо міма такіх бабуль абыякава прайсці немагчыма. Нягледзячы на ноч, праведзеную ў цягніку, ранні ранак і, чаго ўжо хаваць – узрост, выглядалі яны цудоўна: у аднолькавых сукенках, падвязаныя фартухамі, як прынята ў строі ўдмурцкага касцюма, бабулі з сяла Буранава маглі б даць урок стылю і этыкету многім маладым артыстам. Але галоўнай адметнай рысай "Буранаўскіх бабуль" з'яўляюцца іх шчырасць і жыццялюбства. "У вагоне яны не спявалі, але ад іх ідзе такая энергетыка, што самому хочацца спяваць", - прызналася правадніца вагона №11, у якім ехалі прызёры «Еўравізіі». "Мы праспяваем на адкрыцці "Славянскага базару" Party For Everybody, а яшчэ, што папросяць. Мы шмат песень ведаем", - сказала Граня Байсарава. "Мы не маглі не прыехаць у Беларусь, бо на «Еўравізіі» беларусы паставілі нам 12 балаў, і мы ўдзячныя за гэта", - дадала мастацкі кіраўнік ансамбля "Буранаўскія бабулі" Вольга Туктарава. Перад канцэртам госці маюць намер пазнаёміцца з Віцебскам, магчыма, купіць нейкія сувеніры. "Мы спадзяемся на дапамогу арганізатараў, бо ў Віцебск мы прыехалі на адзін дзень", - дадала Вольга Туктарава. Вось ужо некалькі гадоў Еўропа перажывае бум - моду на фальклор. Аналагу "Буранаўскім бабулям" сёння ў шоў-бізнесе няма. Ніхто з спецыялістаў не можа даць дакладнага вызначэння, у якім стылі ці жанры спяваюць бабулі. Але адно вядома дакладна - этнічны праект "Буранаўскія бабулі" выклікаў цікавасць не толькі ў Расіі, але і ў свеце. Японскія журналісты знялі пра бабуль сюжэт, фінскае тэлебачанне рыхтуе вялікую перадачу, РТР здымае кліп.-0-