Буцік-гатэль зьявіцца ў Віцебску да фэстывалю мастацтваў «Славянскі базар».
19 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Буцік-гатэль з'явіцца ў Віцебску да міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар". На гэтае званне прэтэндуе гасцініца "Ветразь", расказала карэспандэнту БЕЛТА генеральны дырэктар турысцка-экскурсійнага прыватнага даччынага ўнітарнага прадпрыемства "Віцебсктурыст" Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Людміла Сенькоўская.
Буцік-гатэль - гэта тып гасцініцы, які адрозніваецца густам і эксклюзіўнасцю сваіх нумароў. У "Ветразе" такіх нумароў больш за два дзясяткі, і ні ў адным з іх не паўтараецца дызайнерскае афармленне. Кожны нумар вытрыманы ў сваім стылі, які і дае назву нумару. "Усходняя казка", "Егіпецкая ноч", "Персікавы рай" дапамогуць адчуць сябе шэйхам або самай Неферціці. Нацыянальным каларытам і цяплом роднай зямлі адораць нумары "Бульбаш" і "Славянскі". Ёсць нумары і зусім экзатычныя, накшталт "Дзвінскага бровара", перавагу якому аддадуць аматарам аднайменнага піва.
У еўрапейскім гасцінічным бізнесе напрамак буцік-гатэляў прызначаны, у першую чаргу, для VIP-турызму, таму афармленнем нумароў займаюцца вядомыя дызайнеры, а прабыванне ў ім каштуе значна даражэй, чым у звычайным. У віцебскім буцік-гатэлі дызайнам займаюцца яго штатныя супрацоўнікі, а кошт нумароў такі ж, як у нумароў павышанай камфортнасці, - Br110 тыс. супраць Br92 тыс. для звычайнага нумара.
Як адзначылі ў аддзеле жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віцебскага гарвыканкама, усе 7 гасцініц Віцебска рыхтуюцца да прыёму гасцей "Славянскага базару". Яны завяршаюць рамонт нумароў, закупляюць новую мэблю і інвентар, распрацоўваюць дадатковыя віды паслуг для сваіх пастаяльцаў. Усе работы плануецца завяршыць да 1 ліпеня.-0-