Буцікі ільнянога адзення могуць з'явіцца ў Беларусі
5 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Аршанскі льнокамбінат збіраецца ў кожным абласным цэнтры Беларусі стварыць буцікі ільнянога адзення, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік генеральнага дырэктара рэспубліканскага ўнітарнага вытворча-гандлёвага прадпрыемства "Аршанскі льнокамбінат" Валерый Шастакоў.
Прадпрыемства мае намер прадставіць у гэтых спецыялізаваных крамах не толькі сваю прадукцыю, але і запрасіць да супрацоўніцтва дызайнераў, якія працуюць з тканінамі Аршанскага льнокамбіната. Акрамя адзення, тут можна будзе набыць ільняны абутак, аксэсуары, сувеніры. Першы буцік ільнянога адзення з'явіцца ў Віцебску ўжо да канца бягучага года. Валерый Шастакоў адзначыў, што льнокамбінат пачынае актыўна развіваць фірменную гандлёвую сетку як у Беларусі, так і за яе межамі.
Цяпер у Беларусі дзейнічае пяць фірменных магазінаў - у Мінску, Віцебску і Оршы, працуюць 132 фірменныя секцыі ў гандлёвых кропках па ўсёй рэспубліцы, прадукцыю льнокамбіната рэалізуюць 8 дылераў. Каля 40% аб'ёму вырабляемых вырабаў прадаецца ўнутры Беларусі.
За мяжой дзейнічае тры гандлёвыя дамы Аршанскага льнокамбіната - у Казахстане, Украіне і Расійскай Федэрацыі. У бягучым годзе льнокамбінат стварыў гандлёвы дом у Данецку са 100% беларускім капіталам, вядзе перамовы з польскімі і сербскімі партнёрамі аб стварэнні аналагічных прадпрыемстваў у гэтых дзяржавах.
Валерый Шастакоў адзначыў прыкметную актывізацыю продажаў на замежных рынках. Калі ў студзені-чэрвені 2009 года прадпрыемства экспартавала 3,4 млн.м пагонных тканін, то за шэсць месяцаў бягучага года гэта лічба ўзросла да 4,8 млн. м пагонных. За шэсць месяцаў бягучага года тэмп росту выручкі ад рэалізацыі прадукцыі як на ўнутраным, так і на замежным рынку склаў 180% да ўзроўню мінулага года. Складскія запасы скараціліся з Br65 млрд. на пачатак 2010 года да Br54 млрд. на 1 ліпеня бягучага года. У маі і чэрвені прадпрыемства атрымала станоўчую рэнтабельнасць ад рэалізацыі.
Аршанскі льнокамбінат з'яўляецца адзіным у рэспубліцы прадпрыемствам па вытворчасці і рэалізацыі ільняных тканін і іншых вырабаў са лёну. Доля прадпрыемства ў прамысловай вытворчасці Оршы складае 27%, тут працуюць больш за 33% ад агульнай колькасці занятых у прамысловасці горада. У склад льнокамбіната ўваходзіць пяць фабрык, працэс вытворчасці ільняных тканін уключае каля 100 тэхналагічных працэсаў. На прадпрыемстве з 2007 года вядзецца тэхнічнае перааснашчэнне вытворчасці, усталёўваецца новае тэхналагічнае абсталяванне. Па словах Валерыя Шастакова, праграма тэхпераўзбраення прадпрыемства будзе працягнута, на яе рэалізацыю плануецца накіраваць каля 300 млн. еўра. -0-