Бухгалтар з Чашніцкага раёна паўтара года накручвала сабе зарплату

16 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Супрацоўніца аднаго з прадпрыемстваў Чашніцкага раёна паўтара года накручвала сабе зарплату, а потым звольнілася па-англійску. Пра гэта паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшы пракурор аддзела па наглядзе за законнасцю судовых пастаноў па крымінальных справах і аналізе судовай практыкі пракуратуры Віцебскай вобласці Дзмітрый Арэх. З мая 2009 года па верасень 2010 года галоўны бухгалтар арганізацыі па перападрыхтоўцы кадраў для аграпрамысловага комплексу налічвала сабе зарплату з "бонусамі", невядомымі кіраўніцтву. Розныя надбаўкі сабе, прэміі і іншыя матэрыяльныя заахвочванні ў сціплым памеры істотна не адбіваліся на зарплаце (за паўтара года - каля Br2 млн.), але рабілі яе атрыманне вельмі прыемнай падзеяй. Безхмарнае цячэнне мірнага жыцця паважанай усімі дамы было парушана весткай з гогалеўскай камедыі "Рэвізор" (у дадзеным выпадку драмы). Не дачакаўшыся прыезду "жаданых" гасцей, жанчына вырашыла сысці па-англійску. Карыстаючыся службовым становішчам выканаўцы абавязкаў метадыста, яна падробiла дакументы аб звальненнi па ўласным жаданнi i ўзаемнай згодзе бакоў, а затым з'ехала ў Мінскую вобласць. За крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі і падробку дакументаў жыхарка Чашніцкага раёна асуджана да двух гадоў і двух месяцаў абмежавання волі з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады на тры гады.-0-