Бухгалтар аднаго з віцебскіх прадпрыемстваў паўтара года налічвала сабе падвойны заробак

16 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Намеснік галоўнага бухгалтара аднаго з віцебскіх дзяржпрадпрыемстваў паўтара года налічвала сабе падвойны заробак. Пра гэта паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі (УБЭЗ) УУС Віцебскага аблвыканкама. Са жніўня 2009 года па студзень 2011-га прадпрыемлівая маладая жанчына пры падрыхтоўцы дакументаў на выплату заробку штомесяц налічвала ад Br1,5 млн. да Br3 млн. на ўласны карт-рахунак і карт-рахунак сваёй маці (былой работніцы гэтага прадпрыемства). У выніку агульная сума незаконнага даходу склала звыш Br50 млн. За крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, учынены ў асабліва буйным памеры, у дачыненні да 36-гадовай жыхаркі Віцебска ўзбуджана крымінальная справа па ч.4 арт.210 Крымінальнага кодэкса Беларусі, якая прадугледжвае да 12 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады. -0-