Бычыхінскай сярэдняй школе Гарадоцкага раёна прысвоілі імя Героя Савецкага Саюза капітана Івана Антонава

Бычыхінскай сярэдняй школе Гарадоцкага раёна прысвоілі імя Героя Савецкага Саюза капітана Івана Антонава. Урачыстая цырымонія прайшла ў дзень 86-годдзя вызвалення аграгарадка ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — 16 снежня.

Пра подзвіг Івана Антонава ведае кожны жыхар Бычыхі. Танкавая рота пад яго камандаваннем у снежні 1943 года прарвала лінію абароны каля населеных пунктаў Мяхавое — Дрожакі і ў вёсцы Быкі разграміла вузел супраціву праціўніка. Нават застаўшыся з адным танкам, Іван Мікалаевіч працягваў стрымліваць ворага і не даваў яму адступіць. За мужнасць, бясстрашнасць і гераізм, праяўленыя ў барацьбе з акупантамі, ён быў пасмяротна ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза.

Нашчадкі пераможцаў працягваюць весці работу па ўшанаванні памяці герояў, займаюцца пошукавай дзейнасцю, рэалізацыяй патрыятычных праектаў і відэафільмаў. Так, сёння яны разам з педагогамі працуюць над праектам «Дзякуй за Перамогу ветэранам». Збіраюць архіўныя матэрыялы пра сваякоў, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны.

— Мы часта гаворым пра вайну, патрыятызм нашага народа. Хачу, каб вы ўсвядомілі значнасць памятнага дня і доблесны подзвіг воінаў, — звярнуўся старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў, які прыняў удзел у мерапрыемстве, да моладзі. — Прайшло 78 гадоў, а мы яшчэ даведваемся невядомыя старонкі гісторыі. Важна, што вы працягваеце займацца аднаўленнем імёнаў, біяграфій людзей, як і вашы папярэднікі, якія адкрывалі 60 гадоў таму ў Бычысе школьны музей баявой славы.

Памяць загінуўшых ушанавалі хвілінай маўчання. Пасля чаго дырэктар СШ Святлана Бронская зачытала падзячны ліст ад праўнука Героя Сяргея Дзеравянкіна і яго сям'і.

"Віцебскія весці"