Былая паштова-тэлеграфная станцыя XIX стагоддзя ў Гарадоцкім раёне ператворыцца ў прыдарожнае кафэ і мотэль
11 снежня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Паабедаць у станцыйным доме, адпачыць у флігелі для ямшчыкоў і паставіць аўтамабіль у карэтнай атрымаюць магчымасць турысты і кіроўцы транзітнага транспарту ў былой паштовай станцыі XIX стагоддзя ў Гарадоцкім раёне. РУП "Віцебскаўтадар" плануе ў 2010 годзе ўвесці ў эксплуатацыю аб'ект прыдарожнага сэрвісу пасля завяршэння рэканструкцыі помніка архітэктуры, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА на прадпрыемстве.
Праект коштам больш за Br1 млрд. прадугледжвае рэканструкцыю двух будынкаў былой паштовай станцыі (станцыйнага дома і флігеля для ямшчыкоў), размешчанай у вёсцы Кузьміна на 25-м кіламетры аўтадарогі Мяжа РФ (Езярышча) - Віцебск - Гомель - мяжа Украіны. Абодва будынкі з'яўляюцца помнікамі архітэктуры першай паловы XIX стагоддзя, узведзенымі прыкладна ў 1846 годзе.
Станцыйны дом плануецца пераабсталяваць пад кафэ з банкетнай залай на 16 месцаў і міні-барам. Былы флігель для ямшчыкоў ператворыцца ў моцель на шэсць месцаў з адна- і двухмеснымі нумарамі. Акрамя таго, праектам прадугледжваецца арганізацыя гасцявой стаянкі на шэсць машынамесцаў і ахоўнай стаянкі для грузавога транспарту на 10 месцаў. У ходзе работ будзе добраўпарадкавана прылеглая тэрыторыя, арганізавана асвятленне і падсвятленне з выкарыстаннем сучасных матэрыялаў.
У 2009 годзе на рэалізацыю праекта "Віцебскаўтадар" накіраваў больш за Br800 млн.-0-