Былы кансервава-агароднінасушыльны завод у Лёзне будзе ліквідаваны па рашэнні гаспадарчага суда
16 чэрвеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Гаспадарчы суд Віцебскай вобласці прыняў рашэнне аб банкрутаванні з ліквідацыяй камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства (КСУП) "Лёзненскае" (былы кансервавы агароднінасушыльны завод), паведаміў карэспандэнту БЕЛТА суддзя Віктар Шыльчонак.
Пасля ўступлення рашэння суда ў законную сілу антыкрызісны кіраўнік павінен прыступіць да пагашэння даўгоў прадпрыемства за кошт яго маёмасці. У рэестр патрабаванняў крэдытораў па стане на 2 чэрвеня 2009 года ўключана запазычанасць на суму амаль Br5,2 млрд. Тэрмін правядзення ліквідацыі ўстаноўлены да чэрвеня 2010 года.
Справа аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкрутаванні) былога кансервавага агароднінасушыльнага завода была ўзбуджана ў снежні 2008 года па ініцыятыве інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Лёзненскім раёне. Па папярэднім заключэнні дэпартамента па санацыі і банкрутаванні Міністэрства эканомікі КСУП "Лёзненскае" прызнана ўстойліва неплацежаздольным. У прадпрыемства адсутнічаюць абаротныя сродкі, а сума фінансавых абавязацельстваў перавышае балансавы кошт маёмасці даўжніка. Акрамя таго, камісія па папярэджанні эканамічнай неплацежаздольнасці і банкрутаванні пры Віцебскім аблвыканкаме, які выступае ўласнікам прадпрыемства, прызнала мэтазгодным дасудовае аздараўленне прадпрыемства. Пасля заканчэння ахоўнага перыяду гаспадарчы суд у сакавіку 2009 года прыняў рашэнне аб адкрыцці конкурснай вытворчасці.
У ходзе конкурснай вытворчасці антыкрызісны кіраўнік правёў аналіз фінансавага стану і плацежаздольнасці, вынікі якога пацвердзілі ўстойлівую неплацежаздольнасць прадпрыемства. Гэту выснову пацвердзілі таксама і вынікі прызначанай судом экспертызы фінансава-гаспадарчай дзейнасці былога завода. Акрамя таго, на думку эксперта, які праводзіў яе, маюцца прыкметы ўтойвання банкрутавання, зрыву пакрыцця страт крэдытораў. Магчымасць аднаўлення плацежаздольнасці прадпрыемства ацэнена як нерэальная.
КСУП "Лёзненскае" ўтворана ў 1952 годзе ў якасці Лёзненскага агароднінасушыльнага завода, які ў 1996 годзе быў ператвораны ў Лёзненскі кансервавы агароднінасушыльны завод. Асноўнымі напрамкамі дзейнасці прадпрыемства былі перапрацоўка агародніны і садавіны, вытворчасць моцных пладовых вінаў і напояў, бульбяных чыпсаў і пласцін, вырошчванне сельгаспрадукцыі. На прадпрыемстве дзейнічалі 4 цэхі па вытворчасці кансерваў, віна, прадуктаў з бульбы, сушанай бульбы. Па даных на 1 сакавіка 2009 года, колькасць работнікаў складала 13 чалавек.-0-