Былы аздараўленчы лагер ААТ «Віцязь» і невыкарыстоўваемы вучэбны корпус ГПТВ-57 па вул. Б. Хмяльніцкага ў абласным цэнтры плануецца выставіць на продаж ужо ў бягучым годзе.
Па словах намесніка начальніка ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Сяргея Арэхава, гэтыя аб'екты ўключаны ў абласны пералік аб'ектаў для далучэння да гаспадарчага абароту на 2016 год. Цяпер завяршаецца афармленне дакументаў на будынкі і, верагодна, ужо ў сакавіку можа быць прынята рашэнне аб прызначэнні даты правядзення аўкцыёну.
Раней сацыяльныя аб'екты планавалася выкарыстоўваць па прамым прызначэнні, аднак узніклыя складанасці з фінансаваннем работ па іх рэканструкцыі і мадэрнізацыі ўнеслі карэктывы. Як адзначыў Сяргей Арэхаў, у выпадку з лагерам «Віцязя» гаворка ідзе аб суме каля 70 млрд рублёў (па ацэнцы 2014 года, а гэта каля 6,9 млн долараў), неабходнай у асноўным для замены ўсёй інфраструктуры (ацяпляльная сістэма, ачышчальныя збудаванні і г. д.). Комплекс будынкаў і збудаванняў у раёне вёскі Пагрэбенка Сенненскага раёна ўключае 7 цагляных жылых карпусоў (здольных прыняць за змену каля 600 адпачывальнікаў), медыцынскі і гаспадарчы корпус, клуб- сталовую з трыма заламі для прыёму ежы і актавай залай. Усяго ж на балансавым уліку каля 100 аб'ектаў.
А ў былым корпусе ГПТВ-57 па вул. Б. Хмяльніцкага так і не ўдалося давесці да канца пачатую мадэрнізацыю, толькі паспелі прыбраць драўляныя перакрыцці паміж паверхамі і памяняць вокны. Цяпер прадугледжваецца прыцягнуць інвестара праз аўкцыён на ўвесь комплекс будынкаў і
збудаванняў, якія сумна выглядаюць на фоне размешчанай побач плошчы Перамогі — аднаго з галоўных месцаў правядзення святочных мерапрыемстваў горада і вобласці.
Сяргей Антонаў, «Віцебскія весці».