БЧ плануе інвеставаць у інфраструктуру участку мяжа Расія-Полацк-Бігосава Br600 млрд.
29 красавіка, Верхнядзвінскі раён /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Беларуская чыгунка плануе інвеставаць у развіццё інфраструктуры на ўчастку мяжа Расіі - Полацк - Бігосава каля Br600 млрд. Аб гэтым сёння журналістам паведаміў начальнік БЧ Анатоль Сівак пасля цырымоніі адкрыцця руху цягнікоў па другім пуці на ўчастку Бігосава (Верхнядзвінскі раён) - Індра (Латвія), перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Інвестыцыі будуць накіраваны на будаўніцтва другіх пуцей, уладкаванне сучаснымі тэхнічнымі сродкамі, кіраванне рухам, сувязі і кантролю бяспекі. Будаўніцтва двухпутных перагонаў на гэтым участку плануецца завяршыць да 2016 года. Гэта дасць магчымасць удвая павялічыць прапускную здольнасць участка дарогі і дадаткова перавозіць звыш 13 млн.т грузаў у год. Чыгуначныя зносіны з Латвіяй для БЧ з'яўляюцца стратэгічна важным напрамкам, адзначыў Анатоль Сівак.
Развіццё інфраструктуры на гэтым участку дазволіць павысіць канкурэнтаздольнасць і камерцыйную прывабнасць чыгуначнага транспарту для грузаперавозак. Акрамя таго, гэта стварае аснову для арганізацыі ў перспектыве пасажырскіх зносін паміж Беларуссю і Латвіяй. "У студзені гэтага года мы абмяркоўвалі гэтае пытанне з кіраўніцтвам Латвійскай чыгункі і будзем шукаць шляхі яго вырашэння", - дадаў Анатоль Сівак.-0-