БЧ пусьціць у выхадныя больш за 10 дадатковых цягнікоў ад Магілёва, Оршы і Крычава да Пагодзіна
19 верасня, Мінск /Таццяна Іванюк - БЕЛТА/. Беларуская чыгунка прызначыла больш за 10 дадатковых дызель-поездаў для праезду пасажыраў на фестываль-кірмаш "Дажынкі-2012". Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе БЧ.
"Павелічэнне колькасці рэйсаў неабходна, каб забяспечыць праезд усіх жадаючых паўдзельнічаць у святочных мерапрыемствах", - пракаментавалі спецыялісты. У прыватнасці, 21 верасня на ўчастку Магілёў-Орша-Пагодзіна прызначана 3 дадатковыя дызель-поезды і яшчэ 2 - на ўчастку Крычаў-Пагодзіна. 22 і 23 верасня на гэтых напрамках будуць курсіраваць па 2 дадатковыя дызель-поезды.
У сувязі з прызначэннем дадатковых прыгарадных поездаў у прэс-службе адзначылі, што расклад руху чыгуначнага транспарту на ўчастках Магілёў-Орша-Крычаў часткова зменіцца.
У цэлым чыгуначнікі напярэдадні "Дажынак" арганізавалі вялікую кампанію па правядзенні будаўнічых і рамонтных работ на аб'ектах беларускай магістралі. У прыватнасці, абноўлены адміністрацыйна-бытавыя, службова-тэхнічныя будынкі і збудаванні. Таксама адрамантавана 11 жылых дамоў у Горках і Горацкім раёне, пабудаваны лініі электраперадач для электразабеспячэння індывідуальнага жылога сектара па вуліцах Міра і Чыгуначнай у Горках.
У прэс-службе нагадалі, што на станцыі Пагодзіна была праведзена рэканструкцыя комплексу будынкаў і завершана добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі. Тут, а таксама на прыпыначных пунктах Нікольск, Ракта і Клядневічы Горацкага раёна выкананы капітальны рамонт пасажырскіх платформ.-0-