БЧ упросціла працэс продажу білетаў праз тэрміналы самаабслугоўвання ў Мінску і Віцебску
Беларуская чыгунка спрасціла працэс продажу праязных дакументаў праз тэрміналы самаабслугоўвання на вакзалах у Мінску і Віцебску. Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе БЧ.
Беларуская чыгунка на ўсіх плацежна-даведачных тэрміналах самаабслугоўвання ўсталявала новую версію праграмнага забеспячэння з аптымізаваным працэсам афармлення білетаў. Папярэдне было праведзена тэсціраванне новай версіі на тэрміналах станцыі Мінск-Пасажырскі. Асноўнае яе адрозненне ад папярэдняй заключаецца ў значным скарачэнні колькасці крокаў, неабходных для пакупкі білета праз тэрмінал. Абнавіўся інтэрфейс экранаў, функцыя афармлення багажу вынесена асобнай кнопкай на галоўны экран, дададзена магчымасць выбару станцый па напрамках.
Гэты праект беларуская магістраль рэалізавала сумесна з ААТ "АСБ Беларусбанк" з мэтай павышэння якасці паслуг, што аказваюцца пасажырам, і папулярызацыі безнаяўных разлікаў з выкарыстаннем банкаўскіх плацежных картак.
У прэс-службе нагадалі, што ўпершыню паслуга продажу праязных дакументаў праз тэрміналы самаабслугоўвання была ўведзена ў студзені 2012 года. У цяперашні час падобныя прылады функцыянуюць на дзвюх станцыях беларускай магістралі Мінск-Пасажырскі і Віцебск.
Праз тэрміналы можна набыць білеты на цягнікі гарадскіх ліній і рэгіянальных ліній эканом-класа. Скарыстацца паслугай могуць трымальнікі плацежных картак усіх банкаў Беларусі. Пры гэтым камісійны збор пры куплі білетаў праз тэрміналы не спаганяецца.
Беларуская чыгунка плануе далейшае пашырэнне сістэмы рэалізацыі праязных дакументаў праз тэрміналы самаабслугоўвання з выкарыстаннем банкаўскіх плацежных картак.