З 23 лютага па 20 сакавіка жыхары Віцебска могуць прыняць удзел у абмеркаванні генеральнага плана Віцебска
Гэта адбываецца ўпершыню ў гісторыі горадабудаўнічага развіцця абласнога цэнтра, што адзначыў на публічнай прэзентацыі праекта, якая адбылася 25 лютага ў інстытуце «Віцебскграмадзянпраект», намначальніка аддзела архітэктуры і горадабудаўніцтва гарвыканкама Леанід Багданаў.
Віцябчан, якія праявілі цікавасць да падзеі, азнаёміў з асаблівасцямі развіцця гарадскога асяроддзя галоўны архітэктар праектаў БелНДІ горадабудаўніцтва Ігар Курсевіч, адзін з аўтараў-распрацоўшчыкаў генплана Віцебска. Дакументам прадугледжаны два этапы — рашэнне першачарговых праектных задач да 2020 года і поўнае асваенне намечаных работ да 2025-га. Згодна з канцэпцыяй праектам прадугледжаны агульныя пазіцыі планавальнай структуры горада, развіцця яго вулічна-дарожнай сеткі, тэрыторый функцыянальнага прызначэння — жылой, прамысловай, грамадскай, ландшафтна-рэкрэацыйнай, а таксама новыя параметры сацыяльна-эканамічнай інфраструктуры з улікам далучэння пасёлкаў Лужасна і Руба, павелічэння колькасці насельніцтва абласнога цэнтра да 382 тысяч чалавек (на першым этапе).
Па плане доля шматкватэрных дамоў пры будаўніцтве жылля складзе 90 працэнтаў. Будзе развівацца і сядзібная забудова ў перыферыйнай частцы горада, у сектарах паміж магістральнымі вуліцамі, а таксама з паступовай рэканструкцыяй старога сядзібнага фонду з цэнтральнай і сярэдняй зоны. Забудова прадугледжана ў Тулава, Біцелева, Арэхава, Аксанёвцы і на некаторых іншых тэрыторыях.
Да 2020 года плануецца завяршыць распачатыя праекты па будаўніцтве жылля ў Білева, выканаць рэканструкцыю тэрыторыі ў раёне вуліцы Даватара (дарэчы, упершыню распрацаваны дэталёвы план развіцця, распрацоўшчык Віцебскграмадзянпраект), у цэнтральнай частцы горада. Асноўны і найбольш аптымальны варыянт для рэалізацыі на этапе генплана да 2025 года — узвядзенне новага жылога комплексу шматкватэрнай забудовы «Лучоса».
У горадзе плануецца на аснове поймаў рэк Дзвіна, Лучоса, Віцьба, існуючых і будучых паркаў, сквераў, рэкрэацыйных зон стварыць бесперапынны зялёны каркас.
Паступова з цэнтральнай часткі будуць перамешчаны неефектыўныя вытворчасці на перыферыю — ва ўсходні пояс, на ўезд па Бешанковіцкай шашы, паміж вуліцамі Ленінградскай і Цітова.
У магістральнай сетцы запланаваны Паўночны мост, які павінен вырашыць праблему разгрузкі транспарту ў цэнтральнай частцы горада. Узвядзенне гэтага аб'екта выклікае павышаную цікавасць у гараджан. Як паведамлялася на прэзентацыі, згодна з новым генпланам зменена трасіроўка моста з тым, каб ён не
«разразаў» гістарычны квартал. Будаўніцтва гэтага аб'екта адносіцца да стратэгічнага развіцця магістральнай сістэмы.У цяперашні час генеральны план Віцебска праходзіць шэраг адпаведных экспертыз. Працягваецца вывучэнне ацэнак грамадскасці з тым, каб была магчымасць своечасова ўнесці карэкціроўкі. У гэтым годзе дакумент плануецца прадставіць на зацвярджэнне Прэзідэнту Беларусі.
Наталля КРУПІЦА, "Віцьбічы"