Чароўны бандонеон упершыню пачуюць віцебскія гледачы на Міжнародным музычным фестывалі імя Салерцінскага

Чарующий бандонеон впервые услышат витебские зрители на Международном музыкальном фестивале им. Соллертинского
Што чакае прыхільнікаў класікі ў дні Міжнароднага музычнага фестывалю імя І. Солерцінскага, які пройдзе ў Віцебску з 3 па 18 снежня? Пра гэта расказалі на прэс-канферэнцыі ў абласной філармоніі.


Дырэктар філармоніі Алена Падаляк выказала ўпэўненасць, што канцэрты 31-га фестывалю пройдуць, як і ў ранейшыя гады, пры поўных залах. За тры дзесяцігоддзі склалася кола гледачоў, якія чакаюць снежаньскіх сустрэч з элітарным мастацтвам. І на гэты раз праграма фестывалю іх парадуе.

Адкрыецца форум музыкай як заўсёды 3 снежня, у дзень нараджэння нашага земляка, вядомага крытыка, чый аўтарытэт быў бясспрэчным у артыстычным асяроддзі ў дваццатыя – саракавыя гады мінулага стагоддзя. І па сённяшні дзень яго імя выклікае павагу сярод музыкантаў, якія знаходзяць час у сваім напружаным графіку, каб выступіць на радзіме Солерцінскага.

Традыцыйна ў афішы стаіць дзённы канцэрт выкладчыкаў і навучэнцаў Віцебскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя І. Солерцінскага, які пройдзе ў сценах гэтай установы адукацыі. Дарэчы, у каледжы ёсць музейны пакой Івана Іванавіча, які наведваюць удзельнікі фестывалю. А першым госцем Віцебска стане струнны квартэт «Акадэмія камернай музыкі». Расійскі калектыў выступіць на сцэне абласной філармоніі ўвечары 3 снежня.

Кіраўнік квартэта – віяланчэліст Ігар Бабовіч, родам з Беларусі. Ён лаўрэат многіх міжнародных прэмій, выступаў у якасці саліста з калектывамі розных краін, быў канцэртмайстрам групы віяланчэляў у аркестрах Яўгена Святланава і Тэадора Курантзіса. Дарэчы, астатнія музыканты і па сённяшні дзень граюць у Music Aeterna пад кіраўніцтвам Курантзіса, якога называюць геніяльным дырыжорам сучаснасці.

Наступны канцэрт пад інтрыгуючай назвай «Меса з Буэнас-Айрэса» пройдзе 10 снежня. Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Яўгена Бушкова выканае творы аргенцінскага кампазітара Марціна Палмеры. Дарэчы, «Меса…» выконвалася на канцэрце ў гонар Папы Францішка ў Рыме. За фартэпіяна быў сам аўтар, ён жа сыграе і на віцебскай сцэне. У іншым творы, уключаным у праграму, прагучыць бандэон. Гэты рэдкі інструмент, які ўславіў аргенцінскі бацька танга Астор П’яцола, віцебскія гледачы пачуюць упершыню. Цікава, што на бандэоне сыграе выхаванец Віцебскага музычнага каледжа, саліст Белдзяржфілармоніі Андрэй Сівакоў.

Нязьменны ўдзельнік музычных вечароў у Віцебску, які стаяў ля вытокаў фестывалю, – ансамбль салістаў «Класік-Авангард» пад кіраўніцтвам Уладзіміра Байдова, прадставіць сваю новую праграму «Гія Канчэлі. Партрэт з сябрамі». У яе ўвайшлі творы грузінскага кампазітара, а таксама блізкіх яму па духу музыкантаў: Альфрэда Шнітке, Арво Пярта, Валянціна Сільвестрова.

Закрые фестываль Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь. Мастацкі кіраўнік і дырыжор Аляксандр Анісімаў выбраў для фінальнага канцэрту Першы канцэрт Пятра Чайкоўскага і апошнюю (№15) сімфонію Дзмітрыя Шастаковіча. Саліраваць за фартэпіяна будзе адзіны прадстаўнік беларускай фартэпіяннай школы, удастоены звання лаўрэата Міжнароднага конкурсу імя П. Чайкоўскага, Андрэй Паначэўскі.

– Задача фестывалю – паказаць лепшыя ўзоры акадэмічнай музыкі, якія развіваюць слухачоў, даюць магчымасць адчуць сябе жыхарамі культурнай сталіцы, – падкрэсліў мастацкі кіраўнік абласной філармоніі Уладзімір Бабарыка.

У межах фестывалю адкрыецца выстава плакатаў студэнтаў кафедры дызайну і моды ВГТУ пад назвай «Гульня ў класіку. Гравітацыя». Пачаткоўцы мастакі і дызайнеры імкнуцца перадаць музыку ў колеры.

"Віцебскія весці".