Чашніцкая каманда перамагла на рэспубліканскіх спаборніцтвах МНС па лыжных гонках
15 студзеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Каманда Чашніцкага райаддзела па надзвычайных сітуацыях Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС стала пераможцам у камандным заліку на рэспубліканскіх спаборніцтвах па лыжных гонках сярод гар- і райаддзелаў МНС, якія завяршыліся сёння ў Віцебску. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе абласнога ўпраўлення МНС.
Чашніцкім ратавальнікам удалося пацвердзіць званне самых хуткіх гоншчыкаў сярод падраздзяленняў міністэрства, якое яны заваёўваюць другі год запар. На турніры, які завяршыўся, каманда стала лепшай па выніках эстафеты 4х5 км, а ў індывідуальнай гонцы чашніцкі "тандем" не пакінуў шанцаў сапернікам - Уладзіслаў Радчанка зноў, як і летась, стаў пераможцам, а ягоны суслужавец Аляксандр Сарафоннікаў заваяваў другое месца. Бронзавым прызёрам спаборніцтваў у асабістым заліку стаў Вадзім Курс з Лагойскага РАНС Мінскага абласнога ўпраўлення.
У камандным заліку чашніцкія лыжнікі апярэдзілі каманды Партызанскага РАНС (Мінскае гаркіраўніцтва) і Магілёўскага гарадскога аддзела па надзвычайных сітуацыях, якія апынуліся адпаведна на другім і трэцім месцах.
Гонкі, што прайшлі, сталі своеасаблівым пралогам да выніковага лыжнага старту сезона - чэмпіянату МНС сярод абласных упраўленняў, які пройдзе ў Віцебску 25-28 студзеня.-0-