Чашніцкі і Сенненскі раёны Віцебскай вобласці пацярпелі ў выніку начной навальніцы
12 чэрвеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Чашніцкі і Сенненскі раёны Віцебскай вобласці пацярпелі ў выніку начной навальніцы, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Марына Фандо.
У выніку моцнага дажджу ў жылым сектары Чашнікаў былі падтоплены скляпенні 14 дамоў. Прычынай стала ліўневая каналізацыя, якая не справілася з вялікай колькасцю выпаўшых ападкаў. Умовы жыццядзейнасці жыхароў пацярпелых дамоў не парушаны. На ліквідацыі наступстваў заняты супрацоўнікі МНС і іншых службаў горада.
Не абышлося без здарэнняў і ў Сенненскім раёне, адзначыла суразмоўніца. З-за навальніцы тут былі абясточаны два населеныя пункты, а ў вёсцы Цыпкі Багушэўскага сельсавета прыйшлося тушыць скірду, у якой знаходзілася 60 т лёну ў рулонах. У выніку пажару, які ўзнік з-за трапляння навальнічнага разраду, было пашкоджана 2 т лёну.-0-