Чашніцкі суд пачне разгляд справы аб бакланах 10 жніўня
2 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Суд Чашніцкага раёна прыняў да разгляду пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні па факце жорсткага абыходжання з птушанятамі бакланаў і прызначыў першае слуханне на 10 жніўня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў судзе.
Як распавёў карэспандэнту БЕЛТА старшыня Лукомльскага сельскага савета Мікалай Бакурын, пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні складзены на падставе праверкі, праведзенай Чашніцкім РАУС, у дачыненні да жыхара Чашніцкага раёна. Па словах Мікалая Бакурына, падазронаму няма яшчэ і 30 гадоў. Спрабуючы патлумачыць свой жорсткі ўчынак, малады чалавек сказаў, што бакланы - шкодныя птушкі, якія знішчаюць рыбу, таму ён і вырашыў забіць птушанят. Надклювы мужчына зрэзаў, як яму здавалася, ужо ў мёртвых птушак.
Як паведамлялася раней, на востраве на возеры Лукомскае ў Чашніцкім раёне ў сярэдзіне чэрвеня арнітолагамі былі выяўлены дзясяткі птушанят бакланаў з адрэзанымі надклювамі. Па гэтым факце Чашніцкі РАУС праводзіў праверку.
Па рашэнні раённай камісіі па аказанні дапамогі дзікім жывёлам, якія трапілі ў бядотнае становішча, раённая інспекцыя сумесна з супрацоўнікамі МНС, членамі БТРА адлавіла пакалечаных птушак, усыпіла іх і ўтылізавала. Эўтаназія стала адзіным спосабам не памерці потайлівай голаднай смерцю 28 птушак з адрэзанай верхняй часткай дзюбы.
Баклан уваходзіць у пералік дзікіх жывёл непажаданых відаў, яго здабыча дазволена. Аднак жорсткае абыходжанне з любымі птушкамі недапушчальна і караецца законам. Згодна з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, жорсткае абыходжанне з жывёламі, што пацягнула іх гібель або калецтва, цягне накладанне штрафу ў памеры ад 10 да 30 базавых велічынь (у цяперашні час адна базавая велічыня складае Br100 тыс.) або адміністрацыйны арышт.