Прыватнае прадпрыемства ў Аршанскім раёне стала вядучым у краіне па вырошчванні лекавых траў
Унікальная для Беларусі вытворчасць, якая размясцілася ў сельскай мясцовасці, прыцягвае ўсё больш моладзі. Некалькі сем'яў з горада памянялі кватэры на дамы ў Пішчалаве і працуюць на прадпрыемстве, атрымліваючы добры заробак. А яно, нягледзячы на эканамічныя складанасці, нарошчвае аб'ёмы, пашырае плошчы, мадэрнізуецца.
– І гэта дзякуючы падтрымцы дзяржавай малога бізнесу, – кажа дырэктар «Каліны» Уладзімір Мурашка. – Дзякуй Прэзідэнту за ўказы, дзякуючы якім на льготных умовах можна атрымаць крэдыты. Так, у мінулым годзе мы цалкам абнавілі машынна-трактарны парк – набылі новай тэхнікі на 4 млрд. недэнамінаваных рублёў. Таксама закупілі сучаснае абсталяванне па перапрацоўцы сыравіны.
Сёння маладое, але вельмі перспектыўнае малое прадпрыемства «Каліна» – гэта 30 працоўных месцаў, 350 га зямлі і 840 тысяч упаковак штогод (630 тыс. выпусцілі ў 2015-м) лекавых травяных збораў, БАДаў, фітачаёў. Прадукцыяй зацікавіліся не толькі прадстаўнікі айчыннай гандлёвай і аптэчнай сетак, але і чэхі, расіяне. 90% сыравіны, якая выкарыстоўваецца для вытворчасці араматных фільтр-пакетаў – з пішчалаўскіх палёў. Землі ў гэтым годзе Уладзімір Мурашка плануе пашырыць да 500 га, закласці ўласны пладова-ягадны сад.
На прадпрыемстве вядзецца супольная праца з ВДМУ па стварэнні лекавых сродкаў на аснове раслін маклейя і леўзея, а таксама праводзіцца ўдасканаленне тэхналагічных працэсаў, павышэнне культуры вытворчасці, стварэнне ўмоў для высокапрадукцыйнай працы.
ТАА «Каліна» двойчы выходзіла пераможцам у спаборніцтве «Лепшая прадпрымальніцкая структура Аршанскага раёна». За пяць гадоў рост аб'ёму вытворчасці склаў больш за 300%. Для дыверсіфікацыі вытворчасці і асваення імпартазамяшчальнай прадукцыі спецыялістамі ТАА "Каліна" распрацаваны тэхналогіі вытворчасці пранна-араматычных культур для харчовай
– За апошняе дзесяцігоддзе Пішчалова і ўся тэрыторыя сельскага Савета пераўтварыліся, дзякуючы неабыякавасці да людзей і малой радзіме Уладзіміра Віктаравіча, – адзначае старшыня Аршанскага раённага Савета дэпутатаў Станіслаў Кошкін. – Значная дапамога аказваецца як установам адукацыі, культуры, аховы здароўя, так і грамадзянам у вырашэнні прыватных пытанняў. Гэта добраўпарадкаванне тэрыторый, прадастаўленне тэхнікі, працоўнай сілы, інвентара.
Вольга ЛЕБЕДЗЕВА, фота аўтара. «Віцебскія весці».