Чэлендж відэаролікаў «75 песень пра вайну» запускае БРСМ у Віцебскай вобласці
Першы сакратар Віцебскага абласнога камітэта БРСМ Вячаслаў Хрол паведаміў, што праект рэалізуецца ў рамках беларуска-расійскага адукацыйнага форуму, які праходзіць у дзень сустрэчы на мемарыяльным комплексе «Курган Дружбы» у Верхнядзвінскім раёне. На жаль, сёлета з-за складанай эпідэміялагічнай сітуацыі ў традыцыйным фармаце форум не адбудзецца. Аднак усе жадаючыя, а асабліва даўнія сябры форуму з Пскоўскай, Смаленскай і Калінінградскай абласцей Расіі, могуць далучыцца да творчай эстафеты анлайн.
– Неабходна выканаць пад акампанемент (баяны, акардэоны, гітары, блютуз-калонкі) музычную кампазіцыю пра вайну (ваеннага часу) і запісаць на яе відэакліп, – кажа Вячаслаў Хрол. – Лакацыі не абмежаваныя: на фоне прыроды, мемарыяльнага комплексу, на месцы баявых дзеянняў і г.д., у ваеннай форме або адзенні 40-х-50-х гадоў. Адным з асноўных твораў з'яўляецца «Кацюша».
Свае відэаролікі ўдзельнікі могуць дасылаць у афіцыйную супольнасць Віцебскай абласной арганізацыі БРСМ у Вконтакце, публікаваць у асабістых акаўнтах у Instagram з хэштэгамі #брсмво, #75песеновойне, #форумнакурганедружбы.
"Віцебскія весці", фота з адкрытых крыніц.