«Чалавек года Віцебшчыны»: узнагароды знайшлі герояў
Добрай традыцыяй стала ў пачатку года ўшаноўваць лепшых працаўнікоў вобласці, якія дамагліся значных вынікаў па выніках працы за мінулыя 12 месяцаў. Кожны раён прадстаўляе сваіх намінантаў на званне «Чалавек года Віцебшчыны», з якіх выбіраюць самых годных. Яны і сталі галоўнымі героямі ўрачыстасці. у канцэртнай зале «Віцебск», дзе прайшла цырымонія ўзнагароджання.
Сярод лаўрэатаў – прадстаўнікі розных прафесій і сфер дзейнасці: прамысловасці, аграпрамысловага комплексу, сацыяльнай сферы, будаўніцтва, транспарту, праваахоўных органаў і іншых. Гэтыя людзі сваім інавацыйным падыходам, творчай працай забяспечваюць дынамічнае сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёну і ўсёй рэспублікі.
Як адзначыў старшыня аблвыканкама Аляксандр Косінец, які выступіў перад прысутнымі, у 2013-м нам удалося забяспечыць самае высокае за апошнія гады прыцягненне інвестыцый у эканоміку: 129% да ўзроўню пазамінулага года. У грашовым выразе гэта 21 трлн рублёў. Вырас экспарт, створана нямала інавацыйнай прадукцыі, якая карыстаецца попытам. У прадпрыемстваў вобласці найменшыя ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі складскія запасы. Суадносіны сукупнай крэдыторскай запазычанасці ўсіх арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў Віцебшчыны да выручкі на 1 студзеня 2014 года склала 37,6%. Гэты паказчык таксама лепшы ў рэспубліцы.
– Мы робім усё неабходнае для забеспячэння сацыяльнай накіраванасці эканомікі нашага рэгіёну, – дадаў кіраўнік вобласці.
У мінулым годзе завяршылася мадэрнізацыя Верхнядзвінскага масласырзавода, пабудаваны новы Браслаўскі сырзавод, абноўлены Пастаўскі малочны завод, працягваецца рэканструкцыя Аршанскага льнокамбіната.
Нямала зроблена ў аграпрамысловым комплексе, узведзены новыя фермы, забяспечана развіццё эканомікі на вёсцы. Будавалася жыллё, ствараліся новыя сем'і, палепшылася дэмаграфічная сітуацыя.
Аляксандр Косінец падкрэсліў, што за гэтымі дасягненнямі стаяць канкрэтныя людзі – ініцыятыўныя, высокаінтэлектуальныя, якія сваёй працай паказваюць прыклад іншым.
Сярод тых, хто атрымаў ганаровае званне «Чалавек года Віцебшчыны», – дырэктар ААТ «Аршанскі інструментальны завод» Валерый Лутай. Прадпрыемства спецыялізуецца на выпуску інструмента для машынабудавання. Гэтая галіна ва ўсім свеце перажывае не лепшыя часы, аршанскі завод змог своечасова перабудавацца на выпуск высокатэхналагічнай запатрабаванай прадукцыі.
– Разумеючы праблемы машынабудавання, мы зрабілі ўпор на дыверсіфікацыю рынкаў, што дазволіла паспяхова скончыць год і па аб'ёмах вытворчасці, і па продажах. А эканоміка і фінансавае становішча на прадпрыемстве адбіліся на зарплаце, яна за год павялічылася ў паўтара раза, – падзяліўся поспехамі Валерый Лутай.
Стварэнне гарбарна-абутковага холдынгу пад маркай «Марка» стала значнай падзеяй мінулага года, лічыць генеральны дырэктар кіруючай кампаніі Мікалай Мартынаў, які таксама стаў лаўрэатам у намінацыі «Прамысловасць».
– Прадпрымальнікі нямала робяць для таго, каб падымаць эканоміку краіны, і гэта заўважаюць на самым высокім узроўні. Пацвярджэнне таму – давер Прэзідэнта, які падпісаў указ аб стварэнні холдынгу на базе прадпрыемства недзяржаўнай формы ўласнасці. І цяперашнюю ўзнагароду я расцэньваю як прызнанне ўкладу прадпрымальніцкага сектара ў развіццё рэгіёну, – сказаў Мікалай Мартынаў.
«
Чалавекам года» ў сферы аграпрамысловага комплексу стаў дырэктар ААТ «Рудакова» Віцебскага раёна Міхаіл Пінчук. Прадпрыемства ў мінулым годзе выканала і перавыканала ўсе вытворчыя паказчыкі. Пашыраны асартымент прадукцыі цяплічнай гаспадаркі, сёння вядомыя і карыстаюцца попытам не толькі агуркі і памідоры з «Рудакова», але і салат, руккола, базілік, кроп. Гародніна запатрабаваны і на расійскім рынку, у мінулым годзе нашым суседзям прададзена больш за палову вырашчанай прадукцыі.Пра кожнага, хто выходзіў на сцэну, можна сказаць нямала добрых слоў. Усе, і кіраўнікі розных рангаў, і простыя працаўнікі, сапраўды, людзі годныя. Як падкрэсліў кіраўнік вобласці, чалавечы капітал – самы каштоўны, і яго трэба берагчы і прымнажаць.
Падводзячы вынікі мінулага года, Аляксандр Косінец звярнуў увагу на задачы, пастаўленыя перад вобласцю. 2014-ы – год асаблівы. Мы будзем адзначаць 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Трэба гэта зрабіць годна. Цяперашні год абвешчаны Годам гасціннасці. На Віцебшчыне нямала зроблена для таго, каб навесці парадак на роднай зямлі, нам не сорамна сустракаць гасцей. Прыдзвінскі край будзе квітнець, калі ў краіне ёсць такія людзі!
Завяршылася цырымонія ўшанавання лаўрэатаў звання
«Чалавек года Віцебшчыны-2013» святочным канцэртам, у якім прынялі ўдзел лепшыя калектывы вобласці, а таксама народныя артысты Беларусі Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч і расійскі парадыст Андрэй Барынаў.Таццяна Пастэрнак, "Віцебскія весці"