Чым адрозніваецца пагранпалоса ад пагранзоны, і ў чым спецыфіка працы полацкіх памежнікаў
– Уладзіслаў Леанідавіч, што сёння сабой уяўляе Полацкі памежны атрад?
– За 25 гадоў адбылося станаўленне нашага атрада, і сёння ў сістэме органаў памежнай службы ён займае годнае месца. Гэта сучасная воінская часць, укамплектаваная і аснашчаная ўсім неабходным для вырашэння аператыўна-службовых задач па надзейнай ахове Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь.
У ахове дзяржмяжы ўсё больш выкарыстоўваюцца электронныя і камп'ютарныя тэхналогіі, актыўна ідзе працэс добраўпарадкавання рубяжоў у інжынерным стаўленні. Укараняюцца новыя тэхнічныя сістэмы і сучасныя сродкі пагранкантролю, паступаюць новыя аўтамабілі і катэры. У новым абліччы сёння сустракае грамадзян пункт пропуску «Грыгораўшчына» на беларуска-латвійскай мяжы, пераўтварэнне чакае і пункт пропуску «Урбаны».
– Які склаўся калектыў?
– Згуртаваны, дружны – як адна вялікая сям'я, дзе кожны ўносіць свой уклад у агульную справу. У нас моцная ветэранская арганізацыя, дастаткова шмат сямейных дынастый, калі дзеці працягваюць справу бацькоў, часта разам з мужамі служаць іх жонкі. І тут трэба сказаць, наколькі важная ў сям'і памежніка жаночая падтрымка.
Жонка павінна быць гатовая не толькі вытрымаць цяжкасці бытавога характару, з якімі даводзіцца сутыкацца, але і ўзяць на сябе частку абавязкаў, якія ў звычайным жыцці выконвае мужчына. Ёй трэба валодаць цярпеннем і разумець, што муж большую частку часу будзе аддаваць працы.
– Якія якасці патрэбны чалавеку, каб служыць на мяжы?
– І для тэрміновай, і для кантактнай службы мы праводзім дбатальны адбор. Нашы салдаты павінны ўмець хутка прымаць рашэнні і вытрымліваць вялікія нагрузкі, быць глыбока прыстойнымі, сумленнымі, адказнымі, цягавітымі. Бо памежнікі – гэта асаблівыя людзі, па-сапраўднаму адданыя сваёй справе і гатовыя да выканання любых пастаўленых задач. На іх ускладзена важная дзяржаўная місія: яны ў адказе за спакой і бяспеку ўсёй краіны.
Сярод тых, хто дасягнуў найлепшых вынікаў, можна адзначыць начальніка пагранічнага паста «Відзы» маёра Паўла Мацкевіча, начальніка пагранічнага паста «Карасіна» капітана Віталя Сабаля, старшага інспектара пагранічнага паста «Відзы» пагранічнай камендатуры «Опса» старшага прапаршчыка Аляксея Сапрыкіна.
– Раскажыце пра вынікі дзейнасці вашага атрада.
– За 25 гадоў яго існавання сумесна з супрацоўнікамі праваахоўных органаў затрымана 928 парушальнікаў дзяржграніцы і 261 адзінка зброі, спынена больш за 1530 спроб нелегальнага перамяшчэння прадметаў адміністрацыйных правапарушэнняў і кантрабанды на агульную суму больш за 4,7 млрд. дэнамінаваных беларускіх рублёў, у пунктах пропуску праз дзяржаўную мяжу прапушчана больш за 18 млн. 200 тыс. асоб і больш за 8 млн. транспартных сродкаў.
Калі казаць пра бягучы год, то са студзеня па жнівень полацкімі памежнікамі затрымана 39 парушальнікаў, якія спрабавалі незаконна перасекчы дзяржграніцу. Большасць з правапарушальнікаў прыцягваліся да адказнасці па некалькіх артыкулах КоАП – за замах на парушэнне мяжы, парушэнне правілаў знаходжання ў Рэспубліцы Беларусь і пагранічнага рэжыму. Акрамя таго, спынена 53 спробы нелегальнага перамяшчэння таварна-матэрыяльных каштоўнасцей на суму больш за 99 тыс. беларускіх рублёў. Праз пункты пропуску мяжу перасяклі больш за 608 тыс. асоб і звыш 331 тыс. транспартных сродкаў.
ВАЖНА ВЕДАЦЬ:
Чым адрозніваецца пагранічная зона ад пагранічнай паласы?
Памежная паласа – гэта ўчастак мясцовасці шырынёй ад 300 метраў да некалькіх кіламетраў, які непасрэдна прылягае да Дзяржаўнай мяжы на ўсёй яе працягласці. Населеныя пункты ў памежную паласу не ўключаюцца, але яны ўваходзяць у памежную зону, межы якой – значна больш: ад некалькіх кіламетраў да некалькіх дзясяткаў кіламетраў ад мяжы. Дзейнічае асаблівы парадак іх наведвання.
– Які парадак знаходжання ў памежнай зоне і памежнай паласе?
– Парадак вызначаны Законам «Аб Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь». Грамадзянам нашай краіны, а таксама замежнікам, якія маюць від на жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь, для наведвання пагранзоны неабходна мець пры сабе толькі пашпарт (або від на жыхарства).
Замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць за межамі нашай дзяржавы, неабходна мець пры сабе пашпарт і пропуск у памежную зону. Каб трапіць у памежную паласу, як грамадзянам Рэспублікі Беларусь, так і замежным грамадзянам неабходна мець пры сабе пашпарт і спецыяльны пропуск. Выдачу пропускаў ажыццяўляюць Полацкі пагранатрад і пагранкомендатура «Опса».
Неабходна абавязкова інфармаваць найбліжэйшае падраздзяленне органаў памежнай службы аб часе і месцы ўезду ў памежную паласу, а затым аб убыцці.
– Як дзейнічае механізм мясцовага памежнага руху?
– Заключана Пагадненне паміж урадамі Рэспублікі Беларусь і Латвійскай Рэспублікі «Аб спрошчаным парадку узаемных паездак жыхароў памежных тэрыторый». Па прад'яўленні праязных дакументаў з дазволамі на мясцовы памежны рух пражываючыя ў памежжы перасякаюць мяжу без віз у пунктах пропуску, адкрытых для міжнародных і двухбаковых зносін.
Мемарыяльны комплекс «Алея памежнай славы»
На ўчастку Полацкага пагранатрада гэта міжнародныя аўтадарожныя пункты пропуску «Грыгароўшчына» і «Урбаны», а таксама пункты спрошчанага пропуску «Гаўрыліна», «Друя» і «Плюсы».
– Як наладжана супрацоўніцтва Полацкага пагранатрада з органамі выканаўчай улады?
– Цесна ўзаемадзейнічаем з Віцебскім аблвыканкамам, а таксама Браслаўскім, Верхнядзвінскім, Мёрскім і Полацкім райвыканкамамі, Наваполацкім гарвыканкамам. На тэрыторыі гэтых рэгіёнаў дыслацыруецца наш пагранатрад. Будучыня – за падрастаючым пакаленнем, таму мы надаём вялікую ўвагу пытанням патрыятычнага выхавання моладзі.
Займаемся падборам абітурыентаў для навучання ў Інстытуце пагранічнай службы, яшчэ на этапе прызыву вядзём адбор салдат, якія здольныя служыць у органах пагранічнай службы. У школах працуюць клубы юных сяброў пагранічнікаў, у СШ №15 Полацка і СШ №4 Наваполацка ёсць ваенна-патрыятычныя класы. У рабоце па інфармаванні мясцовага насельніцтва і тлумачэнні заканадаўства цесна супрацоўнічаем з сельскімі выканкамамі, друкаванымі, тэлевізійнымі і электроннымі СМІ.
– На базе пагранатрада функцыянуе вучэбны пункт. Якія спецыяльнасці атрымліваюць тут курсанты?
– Восенню больш за 100 юнакоў пройдуць навучанне і ўпершыню дадуць клятву на вернасць Радзіме. Пасля навучання яны набудуць спецыяльнасці «Інспектар пагранічнай службы», «Стралок» і працягнуць службу ў падраздзяленнях, якія непасрэдна ахоўваюць дзяржграніцу на прыбалтыйскім напрамку.
– Як думаеце, чым прываблівае маладых людзей прафесія пагранічніка?
– Хутчэй за ўсё – разуменне, што не кожнаму дадзена хадзіць па апошнім метры роднай зямлі, а табе Радзіма гэта даверыла. Снег, дождж, навальніца ці вецер – у любых умовах ты павінен выконваць адказную задачу, знаходзячыся на пярэднім рубяжы, не ведаючы, што можа здарыцца праз хвіліну. Ёсць пастаяннае ўсведамленне таго, што твая прафесія вельмі патрэбна людзям. І нават звольніўшыся ў запас, ты заўсёды будзеш памятаць, што служыў пагранічнікам, ганарыцца гэтым і абавязкова сустракацца з саслужыўцамі ў Дзень пагранічніка 28 мая.
– Пра што мараць пагранічнікі?
– Аб адпачынку, выхадных днях, проста пра тое, каб адспацца, пабыць з роднымі і блізкімі, надаўшы ім больш увагі, ці схадзіць па грыбы, на рыбалку. Мы вельмі радыя тым момантам, якія праводзім у крузе сям'і, іх не так шмат, але яны саграваюць і надоўга запамінаюцца.
– А каб не было ніводнага парушальніка мяжы, марыце?
– Думаю, галоўная наша мара – годна служыць Айчыне, сумленна выконваць сваё прызванне. Без любові да Радзімы не бывае памежніка. Мы прыкладаем усе намаганні для таго, каб жыхары Віцебшчыны жылі спакойна і былі ўпэўнены, што мяжа пад надзейным наглядам.
Даведка «ВВ»: 24 верасня 1992 года Камандуючым пагранічнымі войскамі Рэспублікі Беларусь быў падпісаны загад «Аб зацвярджэнні штата Полацкага пагранічнага атрада». Сёння ён ахоўвае ўчастак мяжы з Латвійскай і Літоўскай рэспублікамі працягласцю каля 271 кіламетраў. Тут знаходзяцца 6 пагранзастаў, 3 пагранпосты, 5 аддзяленняў пагранкантролю.
Дарэчы
У памяць пра герояў, якія аддалі жыццё за Радзіму, на тэрыторыі ўпраўлення Полацкага пагранічнага атрада створаны мемарыяльны комплекс «Алея пагранічнай славы», які сімвалізуе пераемнасць пакаленняў і надзейную абарону межаў дзяржавы. У кампазіцыю ўключаны цэглы, спецыяльна дастаўленыя з Брэсцкай крэпасці.
Акружаюць алею два сады, закладзеныя па ініцыятыве камандавання і асабовага складу. 70 яблынь тут з'явіліся ў гонар 70-годдзя Вялікай Перамогі, а пасадка 25 вішань азнамянавала сабой адзін з этапаў падрыхтоўкі да святкавання цяперашняга юбілею.
Ларыса МАЛАШЭНЯ, фота аўтара. "Віцебскія весці".