Чым адрозніваецца працоўны дагавор ад грамадзянска-прававога, які нярэдка прапануюць наймальнікі сваім супрацоўнікам?

Чем отличается трудовой договор от гражданско-правового, который нередко предлагают наниматели своим сотрудникам?

На сённяшні момант пры прыёме на працу даволі распаўсюджанай з'яўляецца практыка заключэння не працоўнага, а грамадзянска-прававога дагавора. Часта гэта тлумачыцца нежаданнем наймальніка выконваць шэраг абавязкаў. Работнікі, згаджаючыся на такія ўмовы, не заўсёды ведаюць пра наступствы замены працоўных адносін грамадзянска-прававымі. У чым паміж імі розніца, растлумачыла намеснік начальніка ўпраўлення сацыяльна-працоўных адносін і заработнай платы камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Наталля Грыгор'ева.

Працоўны дагавор і ўзаемаадносіны паміж работнікам і наймальнікам рэгулююцца Працоўным кодэксам Рэспублікі Беларусь ад 26 ліпеня 1999 г. №296-3. А грамадзянска-прававы дагавор і адносіны, што вынікаюць з яго, паміж працадаўцам і грамадзянінам рэгулююцца Грамадзянскім кодэксам Рэспублікі Беларусь ад 7 снежня 1998 г. №218-3. У першым выпадку дагавор заключаецца для выканання працоўнай функцыі з падпарадкаваннем унутранаму распарадку арганізацыі. У другім — для выканання пэўнай працы. Гарантыі і льготы, якія прадастаўляюцца працоўным заканадаўствам, не распаўсюджваюцца на грамадзянска-прававыя адносіны. У прыватнасці, не прадугледжваецца абавязковасць прадастаўлення аплачванага працоўнага адпачынку, не ўстаноўлены патрабаванні да графіка працоўнага часу, па выплаце выхадных дапамог і г.п. Наталля Іванаўна адзначыла таксама, што ў адпаведнасці з працоўным дагаворам работнік прымаецца на пасаду, уключаецца ў штат па пэўнай прафесіі і спецыяльнасці з захаваннем правілаў працоўнага распарадку і афармленнем працоўнай кніжкі. Пры грамадзянска-прававых адносінах працоўная кніжка не вядзецца, аднак юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія прадастаўляюць працу па грамадзянска-прававых дагаворах, у абавязковым парадку сплачваюць за працуючых страхавыя ўзносы, такім чынам, перыяд працы ўваходзіць у працоўны стаж.

У адрозненне ад працоўнага дагавора, па якім працадаўца абавязваецца своечасова і цалкам выплачваць заработную плату, работы па грамадзянска-прававым дагаворы аплачваюцца за канкрэтны аб'ём работ, выкананых грамадзянінам. Памер узнагароджання, тэрміны і парадак яго выплаты вызначаюцца ўмовамі заключанага дагавора.

Таму варта памятаць, што, пагадзіўшыся на працу па грамадзянска-прававым дагаворы, грамадзянін пазбаўляецца ўсіх льгот, гарантый, кампенсацый, прадугледжаных працоўным заканадаўствам.

Надзея Фондарэнка, "Віцебскія весці"