Чым уразілі танцоры з першых дзён XXVII Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі (IFMC) у Віцебску? Частка 1-я
XXVII Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі сабраў у горадзе на Дзвіне прадстаўнікоў перадавых танцавальных школ больш чым з 20 краін свету.
Графічны сімвал фестывалю – меандр – вельмі дакладна адлюстроўвае галоўную лінію IFMC: вечны рух, плынь, кругазварот. Менавіта таму цікавасць да таго, што адбываецца на віцебскай сцэне, не сціхае вось ужо 27 гадоў, і кожны год горад на Дзвіне на некалькі дзён ператвараецца ў сталіцу танца модерн.
– Віцебск заўсёды стаяў у авангардзе сучаснага мастацтва. Гэтая традыцыя, закладзеная мастакамі ў дваццатыя гады мінулага стагоддзя, працягваецца сёння ў харэаграфіі. IFMC знайшоў сваё аблічча, стаў пляцоўкай для навацый у галіне танца модерн, – сказаў у прывітальным слове на адкрыцці фестывалю міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў.
Настройвала на ўспрыманне канцэптуальнай харэаграфіі адкрытая ў холе канцэртнай залы «Віцебск» выстава «Каларыстычныя прасторы» адного з яркіх прадстаўнікоў беспрадметнага жывапісу Беларусі Анатоля Жураўлева. Яго карціны вельмі гарманічна ўпісаліся ў канцэпцыю IFMC, які прадстаўляе перадавыя напрамкі ў мастацтве.
Насквозную тэму сёлетняга дзейства нязменны арганізатар фестывалю, намеснік генеральнага дырэктара Цэнтра культуры «Віцебск» Марына Раманоўская вызначыла як «Шлях да сябе».
– Усе творы аб’ядноўвае артыстычны гуманізм. Людзі з розных краін гавораць на адной мове танца і заклікаюць да ўзаемаразумення, дружбы, любові. Так атрымалася, што сёлета прыехала шмат калектываў з Украіны і Расіі, ніхто не выяўляе нейкай непрыязні, усе адзіныя ў адным імкненні – знайсці свой шлях у свеце творчасці, – адзначыла Марына Раманоўская.
За тры мінулыя дні віцябляне і госці горада змаглі ўбачыць выступленні прызнаных у свеце харэаграфіі калектываў: Чалябінскага тэатра сучаснага танца, “Кіеў мадэрн-балета”, танцавальнай кампаніі «Andersson Dance” са Швецыі, «Fine Five Dance Theatre” з Эстоніі. У канцэрце адкрыцця прынялі ўдзел салісты Пермскага дзяржаўнага тэатра “Балет Яўгена Панфілава” (22 лістапада гэты аблашчаны віцебскімі гледачамі калектыў пакажа балет «Вачыма клоўна», які ў гэтым годзе намінаваны адразу на тры «Залатыя маскі» – нацыянальную тэатральную прэмію Расіі), а таксама віртуозны танцор Альвара Эстэбан Лопес. Іспанец уразіў залу бездакорнай тэхнікай: рухі цела складаліся ў плыўны пластычны малюнак з адточанымі графічнымі лініямі. Пастаянныя гледачы IFMC, а такіх нямала, добра запомнілі гэтага выканаўцу, які імітуе рухі насякомых у спектаклі «Энтома», паказаным тры гады таму на віцебскай сцэне.
Іншы падыход да сучаснай харэаграфіі прадэманстравала кампанія з Вялікабрытаніі "Гандзіні жонглююць". На сцэне IFMC артысты паказалі спектакль "Разбіты", прысвечаны вядомай нямецкай танцорцы і харэографу Піне Баўш, якую называюць каралевай выразных танцаў. Стваральніца аўтарскага тэатра, яна сцвярджала, што танец можа жыць у любых формах. Галоўнае – гэта дакладнасць пластычнага выразу думкі, эмоцыі.
У кампаніі «Гандзіні жонглююць» інтэрнацыянальны склад, большасць – жонглеры, вучыліся гэтаму мастацтву ў школах Іспаніі, Францыі і Вялікабрытаніі. А вось у харэаграфіі, па прызнанні саміх артыстаў, яны не профі, але з вялікай цікавасцю і стараннем асвойвалі тэхніку сучаснага танца падчас працы над пастаноўкай. Натхнялі і словы Піны Баўш, якая казала: «Найменш за ўсё я цікаўлюся тым, як людзі рухаюцца, мяне цікавіць, што імі рухае».
У спектаклі
«Разбіты» прасочваецца харэаграфічная стылістыка Піны Баўш, але акцэнт зроблены на тым, што артысты ўмеюць рабіць лепш за ўсё, – жонгліраванні.– Мы выбралі яблыкі, якія сімвалізуюць пазнанне (яблык Ньютана), любоў (райскі фрукт). Акрамя таго, іх можна знайсці ў любой краіне. У нас было ўжо 400 прадстаўленняў па ўсім свеце, мы сталі экспертамі па яблыках, таму можам сцвярджаць, што беларускія вельмі смачныя, – сказаў пасля спектакля адзін з артыстаў.
Кампанія з Вялікабрытаніі прадэманстравала сваё бачанне танца модерн і паказала англійскі гумар, які прыкрывае няпростыя калізіі і запалы.
Няпростыя адносіны паміж людзьмі, баланс паміж марай і рэальнасцю, пераадоленне рознага роду фабій ляглі ў аснову спектакляў, прадстаўленых на вечары аднаактовых балетаў у Нацыянальным тэатры імя Янкі Купалы. Гледачы ўбачылі пастаноўкі калектываў са Швецыі, Эстоніі і Расіі, а таксама працу італьянскага харэографа і танцора Эмануэле Соаві, які выканаў пад музыку Клода Дэбюсі
«Пасляабедзенны адпачынак Фаўна». Гэты аднаактавы балет у свой час быў пастаўлены і выкананы больш за сто гадоў таму ў Парыжы ў межах Рускіх балетаў Дзягілева харэографам і танцорам Вацлавам Ніжынскім. Тады ён выклікаў неадназначную рэакцыю: адна частка публікі і крытыкі абвінавачвала Ніжынскага ў непрыстойнасці, іншая захаплялася наватарскім рашэннем. Эмануэле Сааві прадставіў сваю сучасную трактоўку гэтага твора, які ўвайшоў у гісторыю балета і паклаў пачатак бязмежным эксперыментам у XX стагоддзі.Сапраўдным падарункам аматарам сучаснага танца сталі два спектаклі
«Киеў мадэрн-балета» ў пастаноўцы Раду Паклітару: «Андэграунд» і «Жанчыны ў рэ міноры». У харэографа свой почырк, які адрозніваецца асаблівай выразнасцю і відовішчнасцю, свая філасофія танца. Своеасаблівым эпіграфам для «Андэграунда» Раду Паклітару ўзяў словы Жана-Поля Сартра: «Пекла – гэта іншыя». Менавіта такія адчуванні выпрабоўваюць яго персанажы, загнаныя ў падзямелле вайной і вымушаныя знаходзіцца разам у замкнёнай прасторы. Крыніцай натхнення для балета «Жанчыны ў рэ міноры» паслужылі вядомы п'еса Лоркі «Дом Бернарды Альбы» і знакаміты «Канцэрт №1 для клавіра з аркестрам рэ мінор» Баха. Тут няма прамых сюжэтных супадзенняў, ёсць настрой, навеяны літаратурай і музыкай. Глядзець працы «Кіеў мадэрн-балета» вялікае задавальненне, яны зачароўваюць, узвышаюць і запамінаюцца на ўсё жыццё.Таццяна Пастэрнак,"Віцебскія весці"