Чым здзівіць герояў хлебнай нівы Гарадок
Як паведаміла галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Галіна Баркевіч, пачнуцца «Дажынкі» са святочнага шэсця працаўнікоў вёскі. Затым на плошчы Леніна героям хлебнай нівы ўручаць узнагароды. Павіншаваць хлебаробаў збяруцца вядомыя артысты. Пасля іх выступлення вечаровае неба над Гарадочкам упрыгожыцца тысячамі агнёў феерверка. Два дні свята запомняцца яго ўдзельнікам і гасцям рознымі мерапрыемствамі. Запамінальнымі падзеямі стануць выставы сельгаспрадукцыі, рамеснікаў, спартыўныя спаборніцтвы і розныя дэгустацыі.
Сярод новых праектаў — прэзентацыя брэндаў раёнаў і гарадоў вобласці, такіх як «Журавы і журавіны» — з Міёршчыны, «Малочныя рэкі» — з Верхнядзвінскага краю, «Сунічнае падвор'е» — з Лёзненшчыны. Удзельнікаў і гасцей чакаюць і іншыя цікавыя мерапрыемствы.
Не за гарамі свята, а як ідуць справы з падрыхтоўкай да «Дажынак» аб'ектаў? Пра гэта мы спыталі намесніка старшыні Гарадоцкага райвыканкама Фёдара Бастова:
—Калі яшчэ месяц таму Гарадок нагадваў суцэльную будаўнічую пляцоўку, то сёння вымалёўваюцца абрысы адрэстаўраваных, пабудаваных і адноўленых аб'ектаў.
— Перамянілася плошча Леніна з абноўленым кінатэатрам «Радзіма», — кажа Фёдар Бастаў. — Упор галоўным чынам сёння робім на сацыяльныя аб'екты — дзве сярэднія школы, тры дзіцячыя сады, аўтавакзал, гасцініцу «Раўбічы», фізкультурна-аздараўленчы комплекс, школу мастацтваў, воданапорную вежу. Ужо 1 верасня многія з пералічаных аб'ектаў будуць здадзены ў эксплуатацыю. Не забываем пра капрамонт жылога фонду, такіх 45 дамоў і яшчэ на 36 дамах ажыццявім бягучы рамонт. У агульнай складанасці да «Дажынак» трэба здаць каля двухсот аб'ектаў. Сёння на многіх з іх працуюць у дзве змены каля двух тысяч чалавек са ста арганізацый раёна і вобласці. Для гэтага задзейнічаны практычна ўсе будаўнічыя арганізацыі вобласці, камунальнікі, азеляніцелі і іншыя.
Алена БАШУН, "Віцьбічы".