Чым здзівіць Верхнядзвінск гасцей абласнога фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2018»?
У размове з журналістамі напярэдадні свята ён адзначыў, што з усіх сталіц абласных «Дажынак» Верхнядзвінск з'яўляецца адным з самых удалых прыкладаў пераўтварэння горада дзякуючы сумесным намаганням архітэктараў, будаўнікоў і мясцовых жыхароў.
– У апошнія дні мне некалькі разоў давялося пабываць у Верхнядзвінску, – сказаў Уладзімір Церанцьеў. – Вельмі прыемна бачыць усмешлівых жыхароў, мам з каляскамі, проста сем'і, што гуляюць. Горад не толькі памаладзеў, але і адкрыў векавыя старонкі сваёй гісторыі.
Да «Дажынак» пабудавана і рэканструявана больш за 200 аб'ектаў. Адным са знакавых з'яўляецца спартыўны комплекс «Імпульс» з басейнам і трэнажорнай залай, дзе ўстаноўлена сучаснае абсталяванне. Значна пераўтварыўся Дом культуры, які цяпер па праву можна называць Палацам.
Прыведзены ў парадак сярэдняя школа №2, дзіцячы сад, рэканструяваны дзясяткі кіламетраў вуліц. Шмат зроблена па тэрмарэнавацыі жылых дамоў, замене дахаў. У антураж цэнтральнай плошчы горада выдатна ўпісаўся 12-кватэрны дом, новасёлам у дзень свята ўручаць ключы.
Праграма «Дажынак» разнастайная і цікавая. Для дзяцей і моладзі падрыхтаваны інтэрактыўныя пляцоўкі МНС, ДАІ, БРСМ. Здзівіць «Водная феерыя» ад ратавальнікаў, якая пройдзе на вадзе, зямлі і ў паветры. Паказальныя выступленні прадэманструюць воіны 103-й гвардзейскай мабільнай брыгады. У ліку шматлікіх спартыўных мерапрыемстваў – чэмпіянат вобласці па рускім жыме штангі.
У сувязі з тым, што Верхнядзвінскі раён знаходзіцца на стыку трох краін, створаны этнадвары Беларусі, Расіі і Латвіі. Яны прадставяць самабытную культуру памежных рэгіёнаў і нацыянальную кухню.
Арганізатары запэўніваюць, што наведванне падворкаў будзе не толькі пазнавальным, але і смачным. Верхнядзвінск пазіцыянуе сябе як сырная сталіца Беларусі, таму мясцовыя майстры рыхтуюць сюрпрызы для гурманаў. Усяго на вуліцах святочнага горада адкрыецца некалькі дзясяткаў пунктаў грамадскага харчавання і гандлю.
У канцэртнай праграме возьмуць удзел творчыя калектывы з усіх рэгіёнаў Віцебшчыны. Таксама прыедуць зоркі беларускай эстрады.
Для правядзення свята на высокім узроўні з пункту гледжання бяспекі задзейнічаны сотні супрацоўнікаў УУС, МНС, ЖКГ, устаноў аховы здароўя.
Уладзімір Цярэнцьеў падкрэсліў, што ўсе госці, якія наведаюць Верхнядзвінск 28 верасня, адкрыюць горад з іншага боку.