Чым здзівіць жыхароў і гасцей Віцебска «Славянскі базар - 2021»?
XXX Міжнародны фестываль мастацтваў пройдзе сёлета з 14 па 19 ліпеня, да яго адкрыцця засталося тры месяцы і пару тыдняў. Аб тым, што чакае жыхароў і гасцей фестывальнай сталіцы на «Славянскім базары», які адзначае круглую дату, расказаў на брыфінгу генеральны дырэктар Цэнтра культуры «Віцебск», дырэктар форуму Глеб Лапіцкі.
Сапраўдным сюрпрызам для гледачоў стане першы канцэрт у Летнім амфітэатры. Такога на «Славянскім базары» яшчэ не было – галоўная фестывальная сцэна ператворыцца ў лядовую арэну, на якую выйдуць пераможцы і прызёры сусветных спартыўных першынстваў па фігурным катанні Санкт-Пецярбургскага балета на лёдзе. Гэта феерычнае дзеянне будзе суправаджаць танцуючы Concord Orchestra пад кіраўніцтвам італьянскага дырыжора Фабіа Пірола.
– «Уверцюра да фестывалю. Агонь і лёд» – эксклюзіўная праграма, створаная спецыяльна ў падарунак нашаму фестывалю, – падкрэсліў Глеб Лапіцкі, дадаўшы, што гэта не адзіная фішка юбілейнага форуму.
Па словах дырэктара фестывалю, трыццаты «Славянскі базар» прадставіць лепшыя напрацоўкі, якія былі сабраны ўсімі пакаленнямі кіраўнікоў і супрацоўнікаў аргкамітэта і дырэкцыі за мінулыя гады. Абавязкова ўспомняць Ігара Лучанка, Уладзіміра Мулявіна, заснавальніка фестывалю Радзівона Баса і іншых людзей, якія стваралі імідж святу мастацтваў у горадзе на Дзвіне.
Кожны канцэрт у Летнім амфітэатры пабудаваны па прынцыпе «фестываль у фестывалі». Гэта пацвярджае і зорны склад артыстаў, і брэндавыя праекты, такія, як «Залаты хіт», «Рытмы лета», «Шансон ТВ – усе зоркі». Несумненна, прыцягне ўвагу і перафарматаваны конкурс выканаўцаў эстраднай песні. У першы дзень фіналу вакалісты выканаюць сусветны хіт у суправаджэнні балета Алы Духавай Todes. А другі выхад канкурсантаў адбудзецца на канцэрце ўрачыстага закрыцця фестывалю. Славянскія хіты будуць гучаць пад акампанемент Прэзідэнцкага аркестра пад кіраўніцтвам Віталя Кульбакова.
Пакуль невядомы ўсе імёны прэтэндэнтаў на галоўны прыз «Славянскага базару» – «Залатую Ліру». Канчатковы спіс з'явіцца ў пачатку красавіка. Беларусь жа ўжо вызначылася са сваімі прадстаўнікамі. Ад нашай краіны выступяць: у дарослым конкурсе – выпускнік Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Данііл Мышковец, у дзіцячым – вучань 7 класа мінскай гімназіі Канстанцін Мазуркевіч. Упершыню заяўку на ўдзел у спеўным спаборніцтве падаў Эквадор.
– У мінулым годзе з-за складанай эпідэміялагічнай сітуацыі нам давялося адмовіцца ад некаторых традыцыйных праектаў. У гэтым мы да іх вярнуліся. Будуць і «Тэатральныя сустрэчы», і «Лялечны квартал», і філарманічная праграма. Спадзяюся, мы зможам сабраць гледачоў у закрытых залах, але гатовы, зыходзячы з эпідсітуацыі і патрабаванняў Мінздава, любы праект рэалізаваць у вулічным фармаце, – адзначыў Глеб Лапіцкі.
Унікальная пляцоўка з'явіцца ў Фэсту вулічнага мастацтва «На сямі вятрах».
З Міністэрствам абароны абмяркоўваецца магчымасць узвесці настаўную сцэну ў месцы ўпадзення Віцьбы ў Заходнюю Дзвіну.
Арганізатары адзначаюць, што цана білетаў на канцэрты засталася на ўзроўні мінулага года.
– Мы робім фестываль для людзей, для таго, каб любы жыхар мегаполіса або беларускай глыбінкі змог прыехаць у Віцебск і акунуцца ў святочную атмасферу самага народнага форуму, – падкрэсліў яго дырэктар і падзяліўся задумкай сабраць на юбілей прадстаўнікоў усіх славянскіх краін, каб быў поўны «Славянскі базар».