Чым сёлета здзівіць Горад майстроў на «Славянскім базары»?
У рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» традыцыйна пройдзе кірмаш народных рамёстваў і культур. Арганізатары абяцаюць, што будзе цікава і весела.
Пачынаючы з 9 ліпеня гасцей і жыхароў горада чакаюць цікавыя мерапрыемствы. Першым адкрыецца Горад майстроў, які размесціцца на вуліцы Пушкіна і плошчы Свабоды і будзе працаваць з 10 да 20 гадзін. Палюбавацца на творчасць народных умельцаў, запазычыць свежыя ідэі і зрабіць доўгачаканыя пакупкі можна будзе да 13 ліпеня ўключна.
Таксама 9 ліпеня бліжэй да поўдня на плошчы Свабоды пачнецца свята «Рушнiк — як лёс». Дарэчы, дадзенае мерапрыемства праводзіцца ўпершыню і абяцае быць каларытным і запамінальным. З 13.00 на вуліцы Пушкіна пройдзе конкурс майстэрства культрарганізатараў “Вясёлкавы карагод”.
У пасляабедзенны час з 9 па 13 ліпеня ва ўнутраным дворыку абласнога краязнаўчага музея ў рамках фэсту вулічнага мастацтва “На сямі вятрах” таксама ўпершыню пройдуць выступленні батлеек пад назвай “Лялечны дворик”. У першы дзень кірмаша а 16-й гадзіне ў выставачнай зале абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці на вул. Леніна, 35а для прыхільнікаў цацачнай тэматыкі адкрыецца экспазіцыя “Чароўны свет цацкі”, якая працягнецца да 8 жніўня. Акрамя таго, у рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» 11 і 12 ліпеня ў абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і абласным краязнаўчым музеі пройдзе свята-конкурс па вырабе лялек і цацак «Забава-2015». Сярод удзельнікаў – майстры Беларусі, Расіі, Украіны, Латвіі і Літвы.
Свята песні і музыкі “А музыкі граюць, граюць…” на плошчы Свабоды разгорнецца 11 ліпеня з 14.00 да 17.00. Паралельна з іншымі мерапрыемствамі 9 – 13 ліпеня будзе праходзіць конкурс тэатралізаваных прадстаўленняў брэндаў раёнаў і гарадоў вобласці “Рознакаляровая Віцебшчына”.
Арганізатарамі мерапрыемстваў выступаюць галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама і абласны метадычны цэнтр народнай творчасці".
Таццяна Серабракова, "Віцебскія весці"