Чым зацікавіць моладзь і як уцягнуць у грамадзкае жыцьцё? Абкам БРСМ падводзіць вынік трох гадоў
Вядома, гэта нагода ганарыцца нашай моладдзю, якая не сядзіць на месцы, праяўляе сябе і дасягае вяршынь. БРСМ сёння – своеасаблівая пляцоўка для самарэалізацыі, куды маладыя людзі прыходзяць з ідэямі і прапановамі, заяўляюць пра свае таленты, дзе ўсіх аб'ядноўваюць неабыякавасць да навакольнага свету, павага да мінулага і любоў да роднай краіны. Пра дасягненні, рэаліі сучаснасці і планы – у размове з першым сакратаром абласнога камітэта БРСМ Віктарам Глушыным.
За апошнія тры гады ў Віцебскай абласной арганізацыі сапраўды шмат яркіх і значных перамог. Але што для вас, Віктар, як для яе лідара самае важнае дасягненне?
– У першую чаргу тое, што сёння маладыя людзі ў кожным рэгіёне вобласці могуць прыйсці са сваімі пытаннямі, праблемамі, прапановамі ў раённыя, гарадскія камітэты БРСМ і атрымаць адказы, дапамогу. Даведацца пра напрамкі дзейнасці і знайсці сябе ў адным з іх. Самае важнае – адкрытасць нашай арганізацыі.
Мы гатовыя падтрымліваць ініцыятывы. А іх шмат. Навука, грамадскае жыццё ў Беларусі маладзеюць, бо цяперашняе пакаленне вельмі актыўнае. Невыпадкова моладзь названа адным з пяці прыярытэтаў у развіцці рэспублікі на V Усебеларускім народным сходзе. Мы разумеем ускладзеную на нас адказнасць і гатовыя накіраваць усе намаганні на дабро краіны.
– На Віцебшчыне больш за 57 тысяч членаў БРСМ. Якую моладзь аб'ядноўваеце?
– Абсалютна розную. Калі падлетку спаўняецца 14 гадоў, ён ужо можа прыйсці ў БРСМ. І, адзначу, школьная моладзь у нас вельмі актыўная. Ініцыятыва менавіта навучэнскай моладзі, выказаная на мінулай справаздачна-выбарнай канферэнцыі тры гады таму, па стварэнні маладзёжных палат была падтрымана, і такія структуры з'явіліся пры ўсіх раённых і гарадскіх Саветах дэпутатаў і на абласным узроўні. Яны ўключыліся ў працу, яе працягнем і ў будучыні.
Самае галоўнае, што рабяты вучацца не толькі прапаноўваць ідэі, але і самастойна іх рэалізоўваць. Таксама вялікі наш гонар – студэнцкая моладзь. Тут самыя гучныя перамогі – рэспубліканскія конкурсы «Студэнт года», «Каралева Вясна», вынікі працоўнага семестра. Але не застаецца ўбаку і працоўная моладзь. Гэта людзі, якія паспяваюць апроч сям'і і працоўных будняў займацца валанцёрскай дзейнасцю, удзельнічаць у працы маладзёжных атрадаў аховы правапарадку, у спартыўных і творчых конкурсах, патрыятычных праектах.
– Адно з хвалюючых пытанняў сёння якраз працаўладкаванне. Якое садзейнічанне моладзі аказваеце ў пошуку працы?
– Мы арганізавалі «гарачыя лініі», ёсць база даных па наяўных у вобласці вакансіях, гатовыя арыентаваць, расказаць, куды маладыя людзі могуць уладкавацца з улікам адукацыі. А традыцыйна асноўны напрамак нашай працы – арганізацыя другаснай занятасці, стварэнне студэнцкіх атрадаў розных профіляў: будаўнічых, сельскагаспадарчых, педагагічных, медыцынскіх, сэрвісных, экалагічных.
Цяпер напярэдадні канікул вядзём актыўную працу па фарміраванні студатрадаў, у тым ліку выязных: у Краснадарскі край, пасёлак Белаярск Расіі. Выяўляюць зацікаўленасць у працы атрадаў і прыватныя прадпрымальнікі. Летась у супрацоўніцтве з кампаніяй «ТыАйЦі» быў створаны першы ў краіне IT-атрад, які займаўся распрацоўкай дызайну і стварэннем сайтаў. У нас шмат таленавітых рабят, гатовых працаваць у розных сферах. Тым больш што на заканадаўчым узроўні з'явіліся дадатковыя падатковыя прэферэнцыі для наймальнікаў студатрадаў.
– Але ёсць і стэрэатып, што моладзь сёння «не тая»: працаваць не хоча, сядзіць у інтэрнэце…
– Не варта абагульняць. Я бачу іншую моладзь, ініцыятыўную і актыўную, якая смела выказвае сваё меркаванне, прапануе, як вырашыць тыя ці іншыя пытанні, і гатова прымаць удзел у іх вырашэнні. Ініцыятыў шмат, як і жадання ўвасабляць іх у жыццё. Сведчанне таму – рэспубліканскі праект «100 ідэй для Беларусі». І ёсць не толькі ідэі, але і магчымасці, веды, уменні, каб іх рэалізаваць. Паверце, у нас вельмі адукаваная моладзь.
– І ўсё ж маладыя людзі сапраўды шмат часу праводзяць ва ўсёй сусветнай павуціне.
– Працаваць і мець зносіны трэба з усімі, таму ў нашых тэрытарыяльных структур ёсць акаўнты ў сацсетках «ВКонтакте», «Фейсбук», «Твиттер», «Инстаграм», «Ютуб». Мы фарміруем пазітыўнае інфармацыйнае прастору, распавядаем пра тое, чым займаецца сучасная моладзь. Арганізуем інтэрнэт-конкурсы фотаздымкаў і знаходзім водгук у карыстальнікаў.
Але ўсё ж запрашаем рабят і ў рэальнае жыццё. Да прыкладу, прапануем прыняць удзел у праекце «Адкрыты дыялог», які імкліва развіваецца, прыйсці і задаць хвалюючыя пытанні прадстаўнікам улады, вядомым людзям нашага рэгіёну. Лічу, што гэта ўнікальная магчымасць і ёй неабходна скарыстацца.
– Сёння ў моладзі шмат спакус і, як следства, варыянтаў пайсці не той дарогай. БРСМ ставіць перад сабой задачу і гэтых людзей уцягнуць у сваю дзейнасць?
– Наша арганізацыя не закрытая. Мы не кажам: вы аступіліся, і вам няма чаго рабіць на нашых мерапрыемствах, у нашых шэрагах. Тых, хто стаіць на розных відах уліку, прыцягваем да працы ў студэнцкіх атрадах, дзейнасці лагераў працы і адпачынку, традыцыйна праводзім для іх спартакіяды. Я думаю, што складанасці могуць быць у жыцці ў кожнага, і кожны можа зрабіць няправільны выбар, але спадзяюся, што заўсёды ёсць магчымасць гэту памылку ўсвядоміць і выправіць. Калі чалавек гатовы працаваць над сабой, то мы дапаможам. У гэтым напрамку дзейнічаюць і нашы маладзёжныя атрады аховы правапарадку.
– На ваш погляд, як выхаваць у маладых людзях патрыятызм, і што робіць у гэтым напрамку БРСМ?
– Для гэтага павінна працаваць усё вакол: моладзевыя, дзіцячыя арганізацыі, сям'я, школа, інфармацыйны кантэнт, які бачаць юнакі і дзяўчаты ў інтэрнэце, па тэлебачанні, каб складалася цэласны карціна ўспрымання. На гэта нацэлены і маштабны праект БРСМ «Кветкі Вялікай Перамогі», які аб'ядноўвае беларусаў. Людзі выходзілі 9 Мая з сімвалам праекта на грудзях – бутаньеркай з яблыневым колерам на чырвона-зялёнай стужачцы. Гэта сімвал памяці аб гераічным мінулым. Мы ўдзячныя за той подзвіг, які здзейснілі нашы дзяды.
Галоўная задача – ніколі пра яго не забываць і ўмець адрозніваць ісціну ад хлусні і крыватолкі. А для гэтага трэба ведаць гісторыю. Ёсць гісторыя свету, дзяржавы, а ёсць – асобна ўзятай сям'і, менавіта з яе трэба пачынаць. Ведаць, хто з сваякоў і як перажыў вайну, і тады стаўленне да яе будзе адназначнае.
– Віктар, успомніце самы яскравы і цікавы эпізод за час працы ў моладзевай арганізацыі.
– Эпізодаў мноства, гэты перыяд аздоблены сапраўды ўсімі колерамі маладосці. Але самыя эмацыйныя і яркія моманты звязаны з перамогамі нашых хлопцаў. У такія хвіліны разумееш, што тая праца, якую зрабілі ва ўсіх рэгіёнах вобласці, прыносіць свае плады, што ўсё не дарма. За перамогай аднаго – цэлая каманда неабыякавых, цікавых, захопленых людзей. І, вядома, запамінаюцца вялікія яркія праекты БРСМ, такія, як openair «Кветкі Вялікай Перамогі», «Дзень вышыванкі», Дзень моладзі на «Славянскім базары», «Поезд Памяці» да Брэсцкай крэпасці і многія іншыя.
– Якія задачы ставіце перад сабой на перспектыву?
– Арганізацыі сёлета ўжо 15 гадоў, за гэты перыяд з'явіліся нязменныя напрамкі дзейнасці, па якіх нас ведаюць. Але час не стаіць на месцы, з'яўляюцца новыя праблемы і задачы. Варта больш увагі надаць працы з моладдзю ў сельскай мясцовасці.
Ёсць іміджавыя праекты, напрыклад, «Уладар сяла», але хочацца, каб сельскія жыхары больш актыўна ўдзельнічалі і ў іншых. Працягнем дзейнасць моладзевых палат, гэта своеасаблівая школа лідараў, наша мэта ў будучыні іх не страціць. Мы ставім перад сабой задачы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні, папулярызацыі навукі і інавацый у моладзевым асяроддзі.
І, вядома, будзем развіваць і надалей праекты «Адкрыты дыялог», «Кветкі Вялікай Перамогі», «Беларусь – крыніца натхнення», які накіраваны на папулярызацыю нацыянальнай культуры, традыцый і нашай роднай беларускай мовы. У нас кожны знойдзе сабе прымяненне, так што далучайцеся.