Чэмпіянат Беларусі па гандболе сярод жанчын стартуе сёння
18 верасня, Мінск /Ігар Хадасевіч – БЕЛТА/. У стартавым матчы 18-га чэмпіянату Беларусі па гандболе сярод жаночых каманд сёння сустрэнуцца мінская "Вікторыя-Рэгія" і "Віцебск-Ганна", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Беларускай федэрацыі гандбола.
Гульня пачнецца ў 17.00 у Мінску ў спорткомплексе БДПУФК.
Афіцыйная ўрачыстая цырымонія адкрыцця нацыянальнага першынства адбудзецца 19 верасня ў спартыўным комплексе Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі ў Мінску. Там жа пройдуць яшчэ два паядынкі – "Бярозіна" (Бабруйск) – "Гараднічанка" (Гродна) і "Аркатрон" (Мінск) – "Віцебск-Ганна". Акрамя гэтых сустрэч заўтра ў абноўленай зале БДТУ яго гаспадыні - дзеючыя чэмпіёнкі краіны - прымуць гомельскіх гандбалістак. Яшчэ адзін матч стартавага тура адбудзецца ў суботу на пляцоўцы БДПУФК – "Вікторыя-Рэгія" - "Друць" (Бялынічы).
Згодна з рэгламентам спаборніцтваў чэмпіянат пройдзе ў два этапы. На першым з іх каманды правядуць двухкругавы турнір, які завершыцца ў лютым 2010 года. Затым шасцёрка лепшых працягне барацьбу за ўзнагароды, згуляўшы паміж сабой яшчэ па два разы, – дома і ў гасцях.
Тым часам набірае абароты мужчынскі чэмпіянат краіны, які стартаваў на тыдзень раней. Пасля трох тураў стапрацэнтны паказчык – 6 ачкоў у прызнаных фаварытаў – дзеючага чэмпіёна мінскага "Дынама" і сярэбранага прызёра брэсцкага БГК, якія атрымалі па тры перамогі. На два балы менш у сталічнай "Вікторыі-Рэгіі" і "Машэкі" з Магілёва. У спрэчцы бамбардзіраў лідзіруе магіляўчанін Раман Калеснікаў, які закінуў 26 мячоў, а на асабовым рахунку Андрэя Навіцкага з гродзенскага "Кронона" 22 галы.
Чарговыя матчы адбудуцца ў найбліжэйшыя выхадныя дні: 19 верасня – "Машэка" - "Вікторыя-Рэгія" і БГК – СКА (Мінск); 20 верасня – ГГК (Гомель) – ГК ім. Левіна (Наваполацк) і "Кронан" - "Аркатрон".-0-