Чэмпіянат БФСТ «Дынама» па лыжных гонках пройдзе ў Віцебскай вобласці з удзелам 9 каманд

16 лютага, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Больш за 60 спартсменаў выйдуць на старт чэмпіянату рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання БФСТ "Дынама" па лыжных гонках, якія пройдуць з 17 па 19 лютага ў Гарадку (Віцебская вобласць). Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Віцебскай абласной арганізацыйнай структуры "Дынама". На трасу ў маляўнічым урочышчы Вераб'ёвы горы Гарадоцкай СДЮСШАР выйдуць наймацнейшыя лыжнікі ў складзе 9 каманд, якія прадстаўляюць сілавыя ведамствы, пракуратуру, а таксама Акадэмію МУС Беларусі. Удзельнікам трэба будзе вызначыць пераможцаў у 4 відах спаборніцтваў. Мужчыны пазмагаюцца ў індывідуальных гонках на 5 км (узроставая група старэйшыя за 40 гадоў) і 10 км (да 40 гадоў). Жанчыны будуць змагацца за перамогу ў гонцы на пяцікіламетровай трасе. Фінальным акордам спаборніцтваў стане эстафета 4 па 5 км, пры гэтым адзін з яе этапаў стане жаночым. Пераможцы і прызёры ў індывідуальным і камандным заліках будуць узнагароджаны кубкамі, медалямі і каштоўнымі прызамі. Чэмпіянат па лыжных гонках адкрые штогадовую спартакіяду праваахоўных органаў "Спартыўнае брацтва-2010" БФСТ "Дынама", вынікі якой будуць падводзіцца ў канцы года па выніках выступленняў каманд дзяржорганаў - членаў БФСТ "Дынама" ў розных відах спорту.-0-