Чэмпіянат МНС па лыжных гонках стартуе 25 студзеня ў Віцебску

23 студзеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Больш за 100 ратавальнікаў возьмуць удзел у чэмпіянаце Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі па лыжных гонках, які плануецца правесці ў Віцебску 25-28 студзеня. Пра гэта паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС. Спаборніцтвы, якія арганізуюцца ў абласным цэнтры ўжо ў 6-ы раз, збяруць 11 каманд, якія прадстаўляюць усе абласныя ўпраўленні, рэспубліканскія падраздзяленні і навучальныя ўстановы міністэрства. У неафіцыйным статусе фаварытаў на старт выйдуць адразу пяць зборных - віцебскага і магілёўскага абласных, а таксама мінскага гарадскога ўпраўленняў, Інстытута перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі і Каманднага інжынернага інстытута МНС. Выяўляць наймацнейшых ратавальнікі будуць па пяці відах. Другі год запар у праграму чэмпіянату ўключана спрынтарская гонка на выбыванне (дыстанцыя 1,2 км). Удзельнікі спрынту будуць размеркаваны на некалькі груп, а пераможца забегу ў групе выходзіць у наступны этап. Такім чынам лепшы спрынтар для выніковай перамогі павінен будзе не адзін раз даказаць сваю перавагу, праявіўшы пры гэтым не толькі хуткасныя якасці, але і цягавітасць. Акрамя таго, лыжнікі выйдуць на старты індывідуальных гонак 10 і 5 км, а жанчыны пазмагаюцца на дыстанцыі 2,5 км. Фінальным акордам першынства стане эстафета 4 па 5 км. Пераможцы і прызёры першынства па традыцыі будуць узнагароджаны прызамі і каштоўнымі падарункамі. Па выніках першынства лепшыя лыжнікі ўвойдуць у склад зборнай МНС для ўдзелу ў чэмпіянаце БФСТ "Дынама" па лыжных гонках. Усталяванае марознае надвор'е ўнесла карэктывы ў падрыхтоўку чэмпіянату. Прама на старце арганізатары разгорнуць два ацяпляных модуля медыцынскага мабільнага шпіталя МНС для ўдзельнікаў спаборніцтваў. Акрамя таго, прапрацаваны пытанні забеспячэння спартсменаў гарачым харчаваннем. Калі ў дні стартаў маразы не аслабнуць, то не выключана магчымасць скарачэння дыстанцый забегаў, адзначылі ў прэс-службе ўпраўлення. Толькі дваццаціградусныя маразы могуць прымусіць арганізатараў перанесьці старты на іншыя, больш спрыяльныя па метэаўмовах дні.-0-