Чэмпіянат па зборы чарніц пройдзе ў Полацкім раёне
6 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Другі чарнічны чэмпіянат пройдзе ў Полацкім раёне 7 ліпеня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле ідэалагічнай работы Полацкага райвыканкама.
Сэзонныя чэмпіянаты па зборы ягад і грыбоў сталі візітнай карткай Полацкага раёна і з году ў год збіраюць усё больш удзельнікаў. Вось і другі чарнічны чэмпіянат пераўзышоў па колькасці ўдзельнікаў свайго папярэдніка. Калі летась чарніцу на хуткасць збіралі 40 каманд па 4 удзельнікі, то ў гэты раз заяўкі падалі 70 каманд. Свае каманды прадставілі сельсаветы, установы адукацыі, медыцынскія ўстановы, вытворчыя прадпрыемствы. Аднак пералік гэты не канчатковы. Папоўніць шэрагі збіральнікаў можна будзе да выхаду каманд на старт - да 7.30 раніцы.
Нягледзячы на вялікую колькасць удзельнікаў, арганізатары запэўніваюць, што ягад хопіць на ўсіх, бо мясціны каля вёскі Заазер'е, дзе і пройдзе спаборніцтва, славяцца сваімі чарнічнікамі. Апоўдні каманды павінны паказаць журы вынікі сваіх збораў. Ягаду ўзважаць і правераць, ці шмат смецця прынясуць удзельнікі разам з чарніцай. Усё, што збяруць удзельнікі каманд, яны змогуць забраць з сабой або прадаць тут жа мясцовай спажывецкай кааперацыі. Пераможцы атрымаюць ужо традыцыйныя прызы - мяккія цацкі ў выглядзе чарнічак-падушак. Для заўзятараў будуць арганізаваны вясёлыя гульні, канцэрт, гандаль разгорне шырокі продаж харчовай і сувенірнай прадукцыі.
Па думцы арганізатараў полацкіх сэзонных чэмпіянатаў, такія забаўныя спаборніцтвы з'яўляюцца выдатным спосабам арганізацыі здаровага адпачынку. -0-