Чэшская кампанія інвесціруе ў стварэнне транспартна-лагістычнага комплексу на базе аэрапорта Віцебска каля 50 млн. еўра

18 жніўня, Мінск /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. Буйная чэшская кампанія інвесціруе ў стварэнне транспартна-лагістычнага комплексу на базе аэрапорта Віцебска каля 50 млн. еўра. Пра гэта паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, начальнік упраўлення стратэгічнага развіцця, каардынацыі і інвесціравання транспартных сістэм Міністэрства транспарту і камунікацый Павел Бажанаў.

Прадстаўнік Минтранса растлумачыў, што праект прадугледжвае будаўніцтва складскіх памяшканняў, сэрвіснай зоны, а таксама стварэнне авіякампаніі на базе аэрапорта Віцебска і цэнтра па абслугоўванні самалётаў. "У чэрвені заключаны інвестдагавор з чэшскім інвестарам, які прадугледжвае развіццё інфраструктуры аэрапорта "Віцебск" і стварэнне на яго базе транспартна-лагістычнага комплексу", - распавёў Павел Бажанаў.

Ён таксама нагадаў аб запланаваным праекце па будаўніцтве буйнога мультымадальнага транспартна-лагістычнага цэнтра на базе Аршанскага авіярамонтнага завода. Перамовы па ім вядуцца адразу з некалькімі інвестарамі. Павел Бажанаў растлумачыў, што ганконгская кампанія, з якой плануецца развіваць супрацоўніцтва, праявіла цікавасць да эксплуатацыі ўзлётна-пасадачнай паласы аэрапорта, размешчанага блізка да завода, і прыцягненні сюды самалётаў з грузамі з Кітая.

"Прэзентацыя праекта ўжо прайшла, ацэнены грузапатокі, меры, якія неабходныя для ўдасканалення інфраструктуры, - распавёў ён. - У той жа час ганконгская кампанія не праявіла гатоўнасці інвесціраваць у развіццё самога Аршанскага авіярамонтнага завода". У сувязі з гэтым у бягучым годзе праведзены перамовы яшчэ з адным, беларускім, інвестарам, які зацікаўлены ўдзельнічаць у развіцці Аршанскага авіярамонтнага завода.

"У гэтым годзе з'явіўся такі інвестар, які праявіў цікавасць да рэканструкцыі і далейшага развіцця завода", - дадаў Павел Божанаў. Пры гэтым ён не ўдакладніў аб'ём інвестыцый, якія плануецца прыцягнуць у праект. "Пакуль складана гаварыць аб канкрэтных лічбах, ідзе перамоўны працэс", - сказаў ён. Прадстаўнік Мінтранса адзначыў, што Аршанскі завод мае магутную базу, аднак пакуль попыт на яго паслугі невысокі. У сувязі з гэтым разглядаецца новы фармат развіцця прадпрыемства з удзелам інвестара.-0-