Ушанаванне найлепшых міліцэйскіх сем'яў у Беларусі стане штогадовым

14 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Ушанаванне лепшых міліцэйскіх сем'яў стане добрай традыцыяй беларускіх органаў унутраных спраў і будзе праводзіцца штогод. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў аддзеле інфармацыі і грамадскіх сувязей УУС Віцебскага аблвыканкама са спасылкай на намесніка міністра МУС - начальніка галоўнага ўпраўлення кадраў Анатоля Курыльца. Сёння, у Дзень маці, у Полацку прайшоў фінал рэспубліканскай акцыі "Сям'я! Служым разам!". Па яе выніках упершыню ў Беларусі былі названы самыя моцныя, самыя дружныя, самыя працавітыя міліцэйскія сем'і. Адзінаццаць сужэнскіх пар узнагароджаны граматамі МУС і каштоўнымі падарункамі. Сярод іх Дзмітрый і Іна Міхалевіч з Мінска, Сяргей і Таццяна Кожух з Віцебскай вобласці, якія разам нясуць нялёгкую міліцэйскую службу. Аднак нават калі жонка не носіць на плячах пагоны, яна ўсё роўна падзяляе клопаты свайго мужа, упэўнены ў МУС. Напрыклад, у сям'і Рудзянок з Гомеля ў органах унутраных спраў служыць муж Вадзім, а яго жонка Аксана, дырэктар прафліцэя, стала ініцыятарам стварэння вучнёўскай добраахвотніцкай дружыны, якая актыўна ўдзельнічае ў ахове грамадскага парадку. Асаблівай павагі заслугоўваюць шматдзетныя міліцэйскія сем'і. Аказваецца, годна выконваць свой абавязак, выхоўваць пяцёра сыноў ды яшчэ вырошчваць малады сад з 200 дрэў, як гэта робяць маёр міліцыі Андрэй Кумко і яго жонка капітан міліцыі Кацярына Кумко з Гродзенскай вобласці, не так ужо і цяжка, калі ў доме пануюць любоў і павага. А вось у сям'і Лапіцкіх у міліцыі служыць ахоўніца хатняга ачага - капітан Марына Лапіцкая. А несці нялёгкую нават для мужчын службу ёй дапамагаюць муж Віктар і пяцёра іх таленавітых дзяцей. Акцыя "Сям'я! Служым разам!" праходзіла на працягу жніўня-кастрычніка. Яе асноўнай мэтай з'явілася ўмацаванне міліцэйскіх сем'яў, падтрыманне здаровага маральна-псіхалагічнага клімату ў калектывах і іх згуртаванне. За гэты час ва ўсіх падраздзяленнях органаў унутраных спраў прайшлі розныя мерапрыемствы, у якіх прымалі ўдзел як дарослыя, так і дзеці. Кіраўнікі абласных упраўленняў і тэрытарыяльных аддзелаў міліцыі сустрэліся з сем'ямі сваіх падначаленых, а маці лепшых супрацоўнікаў уручылі падзячныя лісты. Не засталіся па-за ўвагай ветэраны службы і сваякі міліцыянераў, якія загінулі пры выкананні службовага абавязку. Для юных мастакоў - дзяцей міліцыянераў МУС правяло конкурс, тэмай якога стала служба бацькоў. Пераможцы гэтага конкурсу таксама прыехалі ў Полацк на ўзнагароджанне. -0-