Ушанаванне найлепшых работнікаў, адкрыццё новых аб'ектаў і пляцовак: Чашнікі ўрачыста адсвяткавалі сваё 515-годдзе

Чествование лучших работников, открытие новых объектов и площадок: Чашники торжественно отпраздновали свое 515-летие
Ушанаванне найлепшых работнікаў, адкрыццё новых аб'ектаў і пляцовак, ваенна-патрыятычныя акцыі, закладка сімвалічнай капсулы з зямлёй з брацкіх магіл, выступленне творчых калектываў – так маштабна Чашнікі сустрэлі 515-годдзе горада.

Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае святкаванню Дня горада, прайшло ў абноўленым гарадскім Доме культуры, дзе па традыцыі ўзнагародзілі найлепшых працаўнікоў розных сфер. Старшыня райвыканкама Леанід Плешка, віншуючы прысутных з 515-годдзем райцэнтра, адзначыў, што горад і раён дынамічна развіваюцца толькі пры ўмове добрасумленнай працы кожнага жыхара, а асабістыя поспехі вызначаюць агульны вынік. Чашніччына мае добрыя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця, па ўзроўні заработнай платы раён уваходзіць у лік лідараў у вобласці.

Кіраўнік дэпутацкага корпуса Віцебшчыны выканаў прыемную місію — уручыў Падзякі старшыні аблвыканкама дырэктару ТАА «Чашнікі Продмаркет» Уладзіміру Вейганту і кіраўніку папяровай фабрыкі «Чырвоная Зорка» Аляксандру Свіловічу, дырэктару прадстаўніцтва «Белдзяржстрах» па Чашніцкім раёне Марыі Берднік.

75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і надыходзячае 75-годдзе Вялікай Перамогі – гэтыя даты аплачаны дарагой цаной. У рамках Міжнароднай акцыі памяці «У імя агульнай Перамогі!» у Чашніках запячаталі і перадалі на часовае захоўванне ў гістарычны музей сімвалічную капсулу з зямлёй, узятай з брацкіх магіл раёна.

Выканалі гэту адказную місію ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны Леў Плют, ваенны камісар раёна Ігар Полубінскі і благачынны цэркваў Чашніцкай акругі Уладзімір Каледа. Прысутныя ўшанавалі памяць герояў хвілінай маўчання.

У чарадзе значных мерапрыемстваў напярэдадні Дня горада адбылося ўрачыстае адкрыццё стралковага ціра ў Чашніцкай гімназіі. Намеснік старшыні райвыканкама Ірына Сырачэнка адзначыла важнасць дадзенага аб'екта для падрастаючага пакалення, бо спорт з'яўляецца значным складнікам у паўнавартасным развіцці чалавека.

 

"Віцебскія весці".