Чвэрць спраў іскавога вядзення ў судах Віцебскай вобласці тычыцца скасавання шлюбу
22 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыла – БЕЛТА/. Прыкладна кожная чацвёртая грамадзянская справа, разгледжаная судамі ў Віцебскай вобласці ў парадку іскавога вядзення, – аб скасаванні шлюбу, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным судзе.
У першым паўгоддзі бягучага года судамі вобласці з вынясеннем рашэнняў разгледжана звыш 20 тыс. грамадзянскіх спраў, палова з якіх у парадку іскавога вядзення. Амаль 24% такіх спраў – аб скасаванні шлюбу, каля 6% спраў датычыцца працоўных спрэчак, крыху больш за 5% – жыллёвых спрэчак. Прычым кожнае пятае з апошніх – аб высяленні без прадастаўлення іншага жылога памяшкання. Апошнім часам у судах адзначаецца рост спраў аб спагнанні крэдыторскіх запазычанасцей грамадзян перад банкамі, а таксама запазычанасцей за паслугі ЖКГ. Як лічаць у абласным судзе, перадача бясспрэчных спраў, якімі з'яўляюцца справы аб спагнанні даўгоў, на разгляд натарыята скароціць нагрузку на суддзяў і станоўча паўплывае на эфектыўнасць правасуддзя.
У парадку асаблівага вядзення судамі вобласці разгледжана крыху больш за 8%, у парадку загаднага – амаль 41%. Як адзначылі ў абласным судзе, у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 8,7% павялічылася колькасць спраў, разгледжаных у парадку іскавога вядзення, амаль на 3% паменшылася колькасць спраў асаблівага вядзення і больш чым на 12% – загаднага вядзення.-0-